БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)