Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЯВЫ́Я ДРУЖЫ́НЫ,

узброеныя атрады рабочых, студэнтаў, мяшчан пры арг-цыях бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў, Бунда і інш. партый у рэвалюцыю 1905—07 у Расіі. Упершыню з’явіліся як арг-цыі самаабароны ў Пецярбургу пасля Дзевятага студзеня 1905. Дзейнічалі больш як у 300 гарадах і населеных пунктах, налічвалі каля 75 тыс. чал. Мелі свае статуты; дружыннікі вывучалі ваен. справу, тактыку вулічнага бою. У перыяд узбр. выступленняў мелі месца сумесныя дзеянні дружын розных партый. На Беларусі баявыя дружыны існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Бабруйску і інш., патрулявалі вуліцы, ахоўвалі дэманстрацыі, мітынгі і інш.; эсэраўскія баявыя дружыны займаліся арганізацыяй і правядзеннем тэрарыст. актаў. Вопыт арганізацыі і дзейнасці баявых дружын выкарыстаны бальшавікамі ў 1917 пры стварэнні Чырвонай гвардыі.

т. 2, с. 368

БАЯДЖЫ́ЕЎ Злацю

(22.10.1903, в. Брэзава каля Плоўдзіва, Балгарыя — 2.2.1976),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1962). Скончыў АМ у Сафіі (1932). Ствараў кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму побыту, пісаў партрэты («Аўтапартрэт», 1941). Яго пейзажы Плоўдзіва і наваколля вылучаюцца дэкаратыўнасцю і гучнасцю каларыту: «Зіма ў старым Плоўдзіве», «Брэзаўскія чабаны», «Касец точыць касу», «Адпачынак», «Аколіца Брэзава», «Свінарка» (усе 1940-я г.), «Царква Святой Багародзіцы ў Плоўдзіве» (1959) і інш. Прэмія імя Дзімітрова 1962.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 368

БАЯЗІ́ДІ Маланкавы

(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),

турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.

т. 2, с. 368

БАЯЛІ́НАЎ Касымалы

(15.9.1902, пас. Кок-Майнок, Кыргызстан — 3.9.1979),

кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1925), Ін-т журналістыкі (1933). Друкаваўся з 1923. Адзін з заснавальнікаў кірг. рэаліст. прозы (аповесці «Аджар», 1928; «На берагах Ісык-Куля», 1947; «Даліна Курмана», 1958). Аўтар рамана-трылогіі «Братэрства» (1962—72), зб. «Цяжкая пераправа» (1980).

т. 2, с. 368

БАЯ́Н

(Boian),

археалагічная культура эпохі неаліту (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Балгарыі. Назва ад паселішча на воз. Баян (Румынія). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах са сценамі з дрэва і гліны. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Характэрна чорная і шэрая глянцаваная кераміка, упрыгожаная паглыбленым геаметрычным арнаментам, запоўненым белай пастай. З’явіліся першыя вырабы з медзі. Культура Баяна адыграла важную ролю ў фарміраванні культуры гумельніца.

т. 2, с. 368

БАЯ́Н,

легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.

т. 2, с. 368

БАЯ́Н

(ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),

язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.

Літ.:

Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.

т. 2, с. 368

БАЯНЕ́Т

(франц. baïonette літар. штык),

1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл. гл. да арт. Штык).

2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.

т. 2, с. 368

БАЯНІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Любанскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Арэса, за 20 км на ПдУ ад г. Любань. Пл. 0,58 км². Вадазбор раўнінны, катлавіна авальнай формы, нязначна выцягнутая з З на У. Цахмінскім каналам злучана з р. Арэса.

т. 2, с. 369

БАЯ́РДА

(Boiardo) Матэо Марыя, граф ды Скандыяна (Scandiano; 1441, замак Скандыяна, каля г. Рэджа-нель-Эмілія, Італія — 19.12.1494),

італьянскі паэт, перакладчык. Займаў высокія прыдворныя пасады ў Ферары. Аўтар любоўнай лірыкі (зб. «Тры кнігі пра каханне», 1499), лац. вершаў (цыкл «Epigrammata», «Хвалебныя вершы пра ўчынкі фаміліі д’Эстэ»), эклог на лац. і італьян. мовах, незакончанай паэмы «Закаханы Раланд» (кн. 1—2-я і пач. 3-й, 1495), у якой перапляліся элементы рыцарскай героікі і фантастыкі, рэальнага прыдворнага жыцця і чарадзейства. Мяккая іронія Баярда разбурыла створаны ім рыцарскі свет, які набыў адценне ўмоўнасці, вытанчанай гульні ўяўлення. Дыялог Лукіяна «Ціман» перарабіў у п’есу, напісаную тэрцынамі («Timone», 1500). Перакладаў Герадота, Ксенафонта, Карнелія Непота, Апулея. Працяг паэмы Баярда напісаў Л.Арыёста.

А.С.Шаўчэнка.

т. 2, с. 369