Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́ЧНАСЦЬ АТМАСФЕ́РНАЯ,

магчымасць адрозніваць зрокам аддаленыя аб’екты праз слой паветра той ці інш. мутнасці. Адрозніваюць дзённую, змрокавую і начную бачнасць атмасферную. Характарызуецца праз далёкасць бачнасці, адлегласць, на якой контуры аддаленых прадметаў становяцца нераспазнавальнымі з-за мутнасці атмасферы. Найлепшая бачнасць атмасферная ў ясны дзень у малазапыленым і сухім паветры (у празрыстым арктычным паветры да 100 км); пры тумане і інш. атмасферных ападках або пясчанай буры зніжаецца да некалькіх метраў. Бачнасць атмасферная наземных аб’ектаў абмежавана гарызонтам і пры чыстым паветры залежыць ад вышыні вока назіральніка над зямной паверхняй: з выш. 2 м — каля 5,5ікм, з выш. 500 м — каля 85 км.

т. 2, с. 363

БАЧЫ́ЛА Алесь

(Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),

бел. паэт, драматург. Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—87;

Выбранае. Т. 1—2. Мн., 1978;

Крыло неспакою: Пошук, роздум, палеміка, успаміны. Мн., 1985.

Л.М.Гарэлік.

т. 2, с. 363

БАЧЫ́ЛА Надзея Рыгораўна

(н. 13.9.1935, в. Калініна Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. глебазнавец. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыла Бел. с.-г. акадэмію (1964). З 1964 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па праблемах рацыянальнага выкарыстання арган. угнаенняў; адходаў буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў і жывёлагадоўчых комплексаў, па распрацоўцы навук. прынцыпаў экалагічна абгрунтаваных, энергазберагальных сістэм апрацоўкі глебы.

Тв.:

Применение удобрений в интенсивном земледелии: (Справ. пособие). Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 2, с. 363

БАЧЫ́ЛА Фёдар Апанасавіч

(21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).

т. 2, с. 363

БАЧЭ́ЙКАВА,

вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст.Бачэйкаўскі парк.

Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.

т. 2, с. 364

БАЧЭ́ЙКАЎСКІЯ БАІ́ 1943.

Адбыліся паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў у в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў апорным пунктам акупантаў на шашы Віцебск—Лепель, рабаваў насельніцтва, удзельнічаў у карных аперацыях. У ноч на 25 ліп. байцы партыз. брыгады 2-й Ушацкай імя П.Панамарэнкі (камандзір М.В.Уткін) разграмілі гарнізон, знішчылі склады з гаручым, боепрыпасамі і сельгаспрадуктамі, аўтарамонтную майстэрню, вузел сувязі і інш. 20 кастр. ў час. Лепельскай аперацыі 1943 партыз. брыгада «Аляксея» (А.Ф.Данукалаў) і 2-я імя К.Заслонава (В.П.Комлеў) ударамі з Пд і ПдЗ захапілі частку в. Бачэйкава, авалодалі в. Дзямідавічы і разграмілі гарнізон у в. Слабодка. 25 кастр. партызаны адышлі ў напрамку в. Свяча і на дарозе разбілі ням.-фаш. падраздзяленні. Фашысты занялі в. Бачэйкава і спалілі яе.

т. 2, с. 364

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1923—24. Утвораны 15.2.1923 у Віцебскай губ. РСФСР у выніку перайменавання Лепельскага пав. ў Бачэйкаўскі павет і далучэння да яго часткі скасаванага Сенненскага пав. Цэнтр — мяст. Бачэйкава. Уключаў 9 валасцей (Бешанковіцкая, Лепельская, Лукомская, Несінская, Ульянавіцкая, Ушацкая, Хоцінская, Чарэйская, Чашніцкая). З 3.3.1924 у складзе БССР. 20.6.1924 павет скасаваны: Лукомская і Чарэйская вол. перададзены ў Барысаўскі пав., Бешанковіцкая, Ульянавіцкая і Чашніцкая — у Віцебскі пав., астатнія воласці — у Полацкі пав.

т. 2, с. 364

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.

А.М.Кулагін.

т. 2, с. 364

БАШКІ́РАЎ Леанід Андрэевіч

(н. 24.12.1930, г. Рыльск Курскай вобл., Расія),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1973), праф. (1987). Скончыў Варонежскі ун-т (1954). З 1959 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1985 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. даследаванні па вывучэнні магнітных уласцівасцяў, механізма і кінетыкі цвердафазных рэакцый у сістэмах аксідаў металаў і стварэнні на іх аснове матэрыялаў для электроннай тэхнікі (ферытаў, звышправаднікоў, сегнетаэлектрыкаў).

Тв.:

Механизм и кинетика образования ферритов. Мн., 1988 (разам з У.У.Паньковым).

т. 2, с. 364

БАШКІ́РСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў, дзярж. мова Рэспублікі Башкортастан. Пашырана таксама ў Арэнбургскай, Чэлябінскай, Самарскай, Курганскай і Свярдлоўскай абл. Расіі. Найб. блізкая да татарскай мовы, ад якой розніцца гал. чынам сістэмай зычных і лексікай. Падзяляецца на 2 дыялекты: усх. (куваканскі) і паўд. (юрмацінскі). Літ. башкірская мова сфарміравалася пасля 1917 на аснове абодвух дыялектаў. Да пач. 20 ст. башкіры карысталіся паволжскім варыянтам сярэднеазіяцкай пісьмовай мовы цюркі (агульная назва рэгіянальных літ. цюркскіх моў), а пазней літ. тат. мовай. Пісьменства да 1928 на асн. араб., з 1929 — лац., з 1939 — рус. графікі.

т. 2, с. 364