БАЧЭ́ЙКАВА,

вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст.Бачэйкаўскі парк.

Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)