БАТЫСФЕ́РА
(ад грэч. bathys глыбокі + сфера),
назіральная камера сферычна-цыліндрычнай або сферычнай формы для даследавання марскіх глыбіняў, вывучэння падводнай флоры і фауны і інш. Апускаецца на кабель-тросе з надводнага судна або ўваходзіць у склад батыскафа. Забяспечваецца сістэмай рэгенерацыі паветра, ілюмінатарамі, вымяральнай і інш. апаратурай. Сканструявана ў 1892 італьянцам Бальзамела.
т. 2, с. 353
БАТЫТЭРМО́ГРАФ
(ад грэч bathys глыбокі + тэрмограф),
прылада, якая фіксуе т-ру і глыбіню вады з борта судна. Вымярае т-ру ад -2 да 30 °C, глыб. апускання 2—200 м, стандартная глыб. адбору проб 10, 15, 25, 50, 75, 100, 150, 200 м. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні дэфармацый пругкіх адчувальных элементаў, што ўзнікаюць пры змене ціску і т-ры з глыбінёй. Існуе батометр-батытэрмограф, які аўтаматычна рэгіструе т-ру вады і глыбіню.
т. 2, с. 353
БАТЫ́ЎЛЯ,
рака ў Беларусі, у Лельчыцкім і Ельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Славечны (бас. Прыпяці). Даўж. 36,5 км. Пл. вадазбору 734 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнУ ад в. Заброддзе Лельчыцкага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе. Асн. прыток — канал Валаўскі (справа).
Даліна слабавыразная, месцамі адсутнічае, шыр. 0,8—1,6 км. Пойма вузкая, забалочаная. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. У пойме ракі наліўная сажалка пл. 20 га, меліярац. сістэмы.
т. 2, с. 353
БАТЫЧЭ́ЛІ
(Botticelli; сапр. Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра (каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Дунаев Г.С. Сандро Боттичелли. М., 1977.
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 354
БАТЫЯ́ЛЬ
(ад грэч. bathys глыбокі),
батыяльная зона, зона марскога дна, якая ахоплівае глыб. 200—3000 м на мацерыковым схіле. Знаходзіцца паміж абісаллю і сублітараллю (гл. ў арт. Літараль). Характарызуецца слабай асветленасцю, нязначнымі ваганнямі т-ры і салёнасці вады. Сярод жывёл пераважаюць прадстаўнікі бентасу, шмат рыб. Расліннасць бедная. У батыялі намнажаюцца батыяльныя адклады.
т. 2, с. 354
БАТЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
акіянскія і марскія адклады, якія намнажаюцца на глыб. 200—3000 м, на мацерыковым схіле і часткова ў найб. глыбакаводных участках шэльфа. Займаюць каля 20% плошчы Сусветнага ак. Прадстаўлены тэрыгеннымі асадкамі (больш за 56%), разнастайнымі муламі (вапняковыя, крамяністыя) і інш. Гл. таксама Батыяль.
т. 2, с. 354
БА́ТЭРСТ
(Bathurst),
група з 10 буйных і мноства дробных астравоў у цэнтр. ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, тэр. Канады. Пл. 18,2 тыс. км². Выш. да 457 м. Пераважаюць арктычныя пустыні.
т. 2, с. 354
БА́У,
Баба, у шумера-акадскай міфалогіі багіня горада Лагаша, бажаство ўрадлівасці, радзей багіня лячэння. Бау — дачка бога неба Ана; яе эпітэт «маці Бау».
т. 2, с. 354
БАУРУ́
(Bauru),
горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Сан-Паўлу. Засн. ў 1889. 243 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (бавоўна, скуры, цытрусавыя, малочная жывёлагадоўля). Хім., харч., баваўняная, дрэваапр. Прам-сць.
т. 2, с. 354