БАТЫЧЭ́ЛІ
(Botticelli; сапр. Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра (каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Дунаев Г.С. Сандро Боттичелли. М., 1977.
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)