Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Балтрукевіч Станіслаў Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 342

БАЛТРУША́ЙЦІС

(Baltrušaitis) Юргіс (2.5.1873, в. Паантвардзіс Юрбаркскага р-на, Літва — 3.1.1944),

літоўскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1898). У 1920—39 паўнамоцны прадстаўнік Літвы ў СССР. З 1939 у Парыжы. Пісаў на рус. (зб-кі «Зямныя ступені», 1911, «Горная сцяжына», 1912, «Лілія і Серп», 1948) і літоўскай (зб-кі «Наваселле», 1941, «Вянок слёз», 1942, «Паэзія», 1967, і інш.) мовах. Гал. тэматыка — сэнс быцця чалавека, яго адносіны да сусвету і вечнасці. Паэзіі Балтрушайціса ўласцівыя філасафічнасць, унутр. драматызм, спалучаны з элегічнымі настроямі, шматпланавая сімволіка, самабытная структура маст. вобраза. Перакладаў на рус. мову Дж.Байрана, Г.Ібсена, Г.Гаўптмана, К.Гамсуна.

Тв.:

Лилия и Серп: Стихотворения. М., 1989.

А.Лапінскене.

т. 2, с. 261

БАЛТУ́ШЫС

(Baltuis) Юозас (сапр. Альбертас Юазенас; 27.4.1909, г. Рыга — 4.2.1991),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1969). Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзярж. прэмія Літвы 1957; бел. пер. А.Астрэйкі і О.Главацкене 1961; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш. Гал. тэматыка яго твораў — гіст. лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).

Тв.:

Raštai. Т. 1—8. Vilnius, 1981—83.

А.Лапінскене.

т. 2, с. 261

БА́ЛТЫ,

група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на Зславяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.

Літ.:

Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

В.І.Шадыра.

т. 2, с. 261

БАЛТЫ́ЗМ,

слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.

Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).

А.М.Булыка.

т. 2, с. 262

БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА

стараж. славян Варажскае мора),

унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс. км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб. глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.

У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м. Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.

т. 2, с. 262

БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,

паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р. Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).

Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх. ч. Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.

т. 2, с. 263

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,

адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.

Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.

Г.У.Зінавенка.

т. 2, с. 263

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА ВЫШЫ́НЯЎ,

сістэма вызначэння абсалютных адзнак паверхні Зямлі, прынятая з 1942 у б. СССР, у тым ліку на тэр. Беларусі. Пункт адліку — нуль на футштоку ў г. Кранштат, які супадае з сярэднім шматгадовым узроўнем Балтыйскага м. (гл. таксама Абсалютная вышыня).

т. 2, с. 263

БАЛТЫ́ЙСКА-ЛА́ДАЖСКІ ЎСТУ́П,

гл. Глінт.

т. 2, с. 262