БАЛТЫ́ЗМ,

слова, запазычанае з балтыйскіх моў. У бел. мове — пераважна з літоўскай, часткова з латышскай. Найб. інтэнсіўна асвойваліся ў перыяд ВКЛ. Пранікалі непасрэдна ў працэсе вусных моўных кантактаў.

Большасць балтызмаў не прыжыліся, засталіся пераважна словы быт. і гасп. ўжытку: «атоса», «венцер», «дойлід», «ёўня», «клуня», «лоўж», «пуня», «свіран», «торп» і інш. Некаторыя балтызмы маюць вузкае тэр. пашырэнне: «аруд», «груца», «прывен», «ройста». Балтыйскія па паходжанні ў бел. мове некаторыя тапонімы і антрапонімы («Ашмяны», «Жупраны», «Юрацішкі»; «Лукша», «Шніп», «Юргель»).

А.М.Булыка.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)