Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАЛО́ТНЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,

гл. ў арт. Гідралагічныя заказнікі.

т. 2, с. 260

БАЛО́ТНЫЯ КУ́РАЧКІ,

гл. Пагонічы.

т. 2, с. 260

БАЛО́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Emys),

род прэснаводных чарапах. 2 віды. Еўрапейская балотная чарапаха (Emys orbicularis) жыве ў Паўн.-Зах. Афрыцы і Азіі, Еўропе; амерыканская (Emys blandingi) — на ПнУ ЗША і на Пд Канады. На Беларусі зрэдку на Пд (бас. Прыпяці), ПдЗ і ПдУ трапляецца еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу. Жывуць у мелкіх малапраточных вадаёмах, выходзяць на сушу.

Цела (даўж. 15—25 см) укрыта касцявым і рагавым панцырам. Кормяцца рознымі беспазваночнымі, водарасцямі, рыбай. Палавая спеласць у 6—8 гадоў. Адкладваюць 5—10 яец у ямку, якую самка капае на беразе вадаёма. Зімуюць на дне вадаёмаў.

Балотная чарапаха еўрапейская.

т. 2, с. 260

БАЛО́ТНЫ ГАЗ,

газ, што выдзяляецца са дна стаячага вадаёма; складаецца пераважна з метану з дамешкамі вуглякіслага газу і азоту.

т. 2, с. 260

БАЛО́ТНЫ МЫШАЛО́Ў,

гл. ў арт. Мышаловы.

т. 2, с. 260

БАЛО́ТНЯ,

вёска ў Беларусі, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад г. Рагачоў, 106 км ад Гомеля. 617 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму.

т. 2, с. 260

БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр. Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930, педагогі В.​Цвяткоў і А.​Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у Айч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.​Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны).

Літ.:

Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.​М.​Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

І.М.Балоцін.
І.Балоцін у ролі Яўгена Анегіна.

т. 2, с. 260

БАЛО́ЦІНА (Анісся Давыдаўна) (1865, г. Мсціслаў — ?),

рэвалюцыянерка-народніца. У час навучання ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. 31.3.1886 арыштавана, у ліп. 1887 саслана на 8 гадоў у Сібір. За ўдзел ва ўзбр. выступленні ссыльных у Якуцку 22.3.1889 прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пакаранне адбывала ў вілюйскай катаржнай турме для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў. З 1893 на вольным пасяленні. З кастр. 1897 жыла ў Шклове Магілёўскай губ. пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1898 выехала за мяжу.

т. 2, с. 261

БАЛТА́КІС ((Baltakis) Альгімантас) (н. 15.2.1930, в. Страздзішкіс Анікшчайскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1986). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Калі дожджык імжыць» (1955), «Чортаў мост» (1957), «Падземныя рэкі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966), «Хлеб і воблакі» (1973), «Дэдыкацыі» (1975), «Элегіі Страздзішкіса» (1979), «Наш вечар» (1986), «Уздых» (1993). Яго творы вызначаюцца эмацыянальнай адкрытасцю, у іх светаўспрыманне маладога пакалення пасляваен. Літвы, рэчава-канкрэтная паэтыка гарадскіх будняў. На літоўскую мову пераклаў кнігу паэзіі Р.​Барадуліна «Бусел на даху» (1981), паасобныя вершы М.​Танка. На бел. мову творы Балтакіса перакладае Р.​Барадулін.

Тв.:

Rinkt. raštai. T. 1—2. Vilnius, 1983;

Рус. пер. — Высокий потолок: Стихи и поэма. М. 1965.

А.​Лапінскене.

А.Балтакіс.

т. 2, с. 261

БАЛТРАМА́ЙЦІС ((Baltramaitis) Сільвестр) (20.11.1841, в. Манкішкяй Радвілішкскага р-на, Літва — 1918?),

літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.​Баброўскага, М.​Без-Карніловіча, М.​Доўнар-Запольскага, П.​Жуковіча, Я.​Карскага, М.​Каяловіча, А.​Кіркора, М.​Любаўскага, А.​Сапунова, Я.​Тышкевіча, Я.​Чачота, П.​Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).

т. 2, с. 261