БАЛТРАМА́ЙЦІС
(Baltramaitis) Сільвестр (20.11.1841, в. Манкішкяй Радвілішкскага р-на, Літва — 1918?),
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
т. 2, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)