БАГРЫ́М Паўлюк
(Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),
бел. паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;
Паўлюк Багрым. Мн., 1994.
т. 2, с. 209
БАГРЫ́НАВА,
вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).
т. 2, с. 209
БАГРЫ́ЦКІ
(сапр. Дзюбін) Эдуард Георгіевіч (3.11.1895, Адэса — 16.2.1934),
рускі паэт. Першыя вершы (1915—16) — стылізаваныя, умоўна-рамантычныя. У лірычных вершах і паэмах перыяду грамадз. вайны («Птушкалоў», «Тыль Уленшпігель», «Карчма», «Кавун» і інш.) рамант. вобразы свабодалюбных, мужных людзей. Першы зб. «Паўднёвы захад» (1928). Аўтар паэм «Дума пра Апанаса» (1926), «Люты» (1934, апубл. 1936), паэт. трылогіі «Апошняя ноч», «Чалавек прадмесця» і «Смерць піянеркі», зб. вершаў «Пераможцы» (усе 1932) пра падзеі грамадз. вайны і сацыяліст. рэчаіснасці. Перакладаў на рус. мову вершы Я.Купалы. На бел. мову яго творы перакладалі М.Багун, С.Дзяргай, М.Хведаровіч.
т. 2, с. 209
БАГУ́Н
(Ledum),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў халодных і ўмераных паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі ўсюды трапляецца багун балотны (Ledum зфдгыеку). Расце на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны куст выш. 30—120 см з прамастойным галінастым сцяблом. Верхавінкі маладых галінак, кветаножкі і лісце знізу ўкрытыя ржава-бурым лямцам. Лісце чаргаванае, лінейна-падоўжанае, на кароткіх чаранках, шчыльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белыя, адурманьвальна-духмяныя, у верхавінкавых парасонападобных шчытках. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек. (адхарквальны сродак), інсектыцыдная і меданосная расліна. Мае ў сабе дубільныя і фарбавальныя рэчывы, ядавіты — гліказіды арбуцін і андрамедатаксін, да 7,5% эфірнага алею з рэзкім пахам і горкім смакам, які валодае раздражняльным і наркатычным дзеяннем, у значных дозах паралізуе нерв. Сістэму.
т. 2, с. 209
БАГУ́Н Іван
(? — 17.2.1664),
украінскі дзеяч, вінніцкі і брацлаўскі палкоўнік, наказны гетман (1651). У час антыфеад. вайны 1648—51 паплечнік Б.Хмяльніцкага. Прыхільнік незалежнасці Украіны, выступаў супраць саюзу з Расіяй і з Польшчай. Вызначыўся перамогамі над польскімі войскамі на Брацлаўшчыне (1648), пад Вінніцай (1651), Жванцам (1653), Уманню (1654). У 1659 узначаліў паўстанне супраць укр. гетмана І.Выгоўскага, які перайшоў на бок польскай шляхты. У 1663—64 удзельнічаў у ваен. дзеяннях Польшчы супраць Расіі, абвінавачаны ў здрадзе і расстраляны польскімі ўладамі.
т. 2, с. 209
БАГУ́Н Міхась
(сапр. Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),
бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел. пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.Кляшторным), вершы А.Пушкіна, Маякоўскага, Э.Багрыцкага і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1961.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 210
БАГУСЛА́ЎСКАЯ Нінэль Захараўна
(н. 21.6.1935, г. Крывы Рог, Украіна),
бел. эстрадная спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла муз. вучылішча ў Душанбе (1958). У 1962—87 салістка Бел. філармоніі. Яе выканальніцкая манера вылучаецца мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І.Лучанка. Дыпламант 1-га Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Масква, 1966).
І.І.Зубрыч.
т. 2, с. 210
БАГУСЛА́ЎСКІ
(Bogusławski) Войцех (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),
польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес. нац. драм. і муз. т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.Шэкспір, Мальер, П.Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.
т. 2, с. 210
БАГУСЛО́ЎСКІ Юзаф Канстанцін
(9.12.1754, Брэстчына — 14.3.1819),
вучоны-багаслоў. Адукацыю атрымаў у рэліг. установах Польшчы. З 1788 д-р тэалогіі, з 1789 праф. Гал. школы ВКЛ (Віленскі ун-т). Памёр у Вільні.
Тв.:
Życie sławnych Polakόw krόtko zebrane. Т. 1—2. Wilno, 1788—1814.
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 210
БАГУ́ЦКІ Вацлаў Антонавіч
(парт. псеўд. Шпак, Аляксандр; 1884, мяст. Буракаў каля Варшавы — 19.12.1937),
рэвалюцыянер, парт. і дзярж. дзеяч. Дэлегат V з’езда (1906) СДКПіЛ ад арг-цый Беласточчыны. За рэв. дзейнасць 9 разоў арыштаваны, 4 гады правёў у турмах. У 1910—12 у эміграцыі ў ЗША. У 1-ю сусв. вайну вёў рэв. агітацыю сярод салдатаў. У 1917 адзін з кіраўнікоў Тыфліскай арг-цыі бальшавікоў. У 1918 кіраўнік к-та СДКПіЛ, удзельнік стварэння арг-цый Кампартыі Польшчы ў Беластоку і Гродне, старшыня Гродзенскіх падп. к-та РКП(б) і Савета рабочых дэпутатаў. У 1919—20 старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, чл. ЦК і Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ. У 1921 аднаўляў падп. камуніст. арг-цыі ў Зах. Беларусі. У 1922—24 сакратар Цэнтр. Бюро КП(б)Б і нам. старшыні СНК БССР. У 1924—25 прадстаўнік ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкоме Камінтэрна. З 1929 працаваў у ВЦСПС, Прафінтэрне. Чл. ЦВК БССР (1921—24) і СССР (1922—24). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1936.
т. 2, с. 210