БАГУСЛА́ЎСКІ
(Bogusławski) Войцех (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),
польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес. нац. драм. і муз. т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.Шэкспір, Мальер, П.Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.
т. 2, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)