БАНЬКО́ЎСКІ-ЦЮ́ЛІГ
(Bańkowski-Zullig) Моніка (н. 12.5.1946, Цюрых),
швейцарская славістка. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1973). У 1971—90 у Цюрыхскім ун-це. З 1982 гал. рэферэнт Цэнтр. б-кі Цюрыха. Даследчыца швейц.-слав. сувязяў. Сааўтар зб-каў «Факты і байкі» (1991), «Выгнанне і прытулак» (1994), навук. праектаў «Каменціраваная бібліяграфія па славянскай сацыялінгвістыцы» (т. 1—3, 1981), «Швейцарска-славянскія сувязі ад іх вытокаў. Дакументы і даследаванні» (1988—94). Распрацавала курс «Уводзіны ў беларусістыку» (1984—85). Аўтар публікацый «Адкрыццё незнаёмкі. Беларуская літаратура ў нямецкіх перакладах» (1989), «Беларускі еўрапеец» (пра М.Багдановіча), «Перабудова і моўная палітыка на прыкладзе Беларусі» (абедзве 1991), «Стан і перспектывы беларусістыкі ў Швейцарыі» (1993).
Тв.:
Бел. пер. — Прысутнасць беларускай культуры ў Швейцарыі // Голас Радзімы. 1993. 8 ліп.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 2, с. 283
БАНЬ ГУ,
Бань Мэн-цзянь (32, г. Аньлінь, Кітай — 92), старажытнакітайскі гісторык. Брат палкаводца Бань Чао. Займаў розныя пасады пры імператарскім двары. Як памочнік палкаводца Доу Сяня ў няўдалым паходзе ў 92 супраць гунаў быў разжалаваны і зняволены. Аўтар (разам з бацькам Бань Бяо і сястрой Бань Чжао) складзенай у 58—82 «Гісторыі Старэйшай дынастыі Хань», якая ахоплівае перыяд у 230 гадоў ад праўлення імператара Лю Бана да Ван Мана. Пісаў і літ. прозу.
т. 2, с. 283
БАНЬ ЧА́О
(32—102),
старажытнакітайскі палкаводзец і дыпламат. Брат гісторыка Бань Гу. У 73 пасланы з ваен.-дыпламат. місіяй у «Зах. край» (Усх. Туркестан), пазней аднавіў тут кіт. ўплыў і стаў намеснікам кіт. імператара. У 90 разбіў войска кушанскага цара Канішкі, у 91 разграміў гунаў. Яго перамогі спрыялі аднаўленню Вялікага шаўковага шляху. Адправіў шэраг дыпламат. місій у зах. напрамку, у тым ліку да Персідскага заліва.
т. 2, с. 284
БАНЭ́
(Bonnet) Шарль (13.3.1720, Жэнева — 20.5.1793),
швейцарскі прыродазнавец і філосаф. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1764). Па адукацыі юрыст. Навук. працы ў галіне біялогіі: апісанне членістаногіх, паліпаў і чарвей, жыцця і інстынктаў насякомых («Трактаты пра насякомых», 1745), спробы тлумачэння фізіял. функцый ліста і руху раслінных сокаў («Даследаванне пра ролю лісця ў раслін», 1754). Прыхільнік тэорыі прэфармацыі, адзін з аўтараў вучэння пра «лесвіцу істот». У пытаннях тэорыі пазнання вял. значэнне надаваў вопыту, эмпірызму. У філас. працах («Вопыт псіхалогіі...», 1755; «Аналітычны вопыт здольнасці душы», 1760) сцвярджаў, што ў чалавеку спалучаны цела, ад якога залежаць адчуванні, памяць, увага і інш. псіхал. функцыі, і нематэрыяльная душа; ідэі ёсць відазмяненні адчуванняў, а таму не існуе прыроджаных ідэй. Паводле Банэ, жывёліна, як і чалавек, мае несмяротную душу.
т. 2, с. 284
БА́НЯ-ЛУ́КА
(Banja Luka),
горад у Босніі і Герцагавіне, на р. Врбас. 142,6 тыс. ж. (1991). Машынабудаванне (у тым ліку эл.-тэхн. і радыёэлектроннае), хім., дрэваапр., гарбарна-абутковая, харчасмакавая прам-сць. Курорт на крыніцах цёплых сярністых водаў. 3 ВНУ, у тым ліку ун-т. Тэатр, музей, маст. галерэя. У час землетрасення 1969 знішчана каля 80% будынкаў у цэнтры горада. У пач. 1990-х г. горад пацярпеў ад міжнацыянальнага ваен. канфлікту.
т. 2, с. 284