БАНЭ́

(Bonnet) Шарль (13.3.1720, Жэнева — 20.5.1793),

швейцарскі прыродазнавец і філосаф. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1764). Па адукацыі юрыст. Навук. працы ў галіне біялогіі: апісанне членістаногіх, паліпаў і чарвей, жыцця і інстынктаў насякомых («Трактаты пра насякомых», 1745), спробы тлумачэння фізіял. функцый ліста і руху раслінных сокаў («Даследаванне пра ролю лісця ў раслін», 1754). Прыхільнік тэорыі прэфармацыі, адзін з аўтараў вучэння пра «лесвіцу істот». У пытаннях тэорыі пазнання вял. значэнне надаваў вопыту, эмпірызму. У філас. працах («Вопыт псіхалогіі...», 1755; «Аналітычны вопыт здольнасці душы», 1760) сцвярджаў, што ў чалавеку спалучаны цела, ад якога залежаць адчуванні, памяць, увага і інш. псіхал. функцыі, і нематэрыяльная душа; ідэі ёсць відазмяненні адчуванняў, а таму не існуе прыроджаных ідэй. Паводле Банэ, жывёліна, як і чалавек, мае несмяротную душу.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)