Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́РДЗІНА Вольга Васілеўна

(н. 23.12.1932, г. Каршы, Узбекістан),

руская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1959). У 1962—84 салістка Саратаўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні). Выступае ў канцэртах.

т. 2, с. 306

Бардзін Джон

т. 18, кн. 1, с. 344

БАРДЗЮ́Р

(франц. bordure ад bord край),

1) крывыя або прамыя палосы, якія абрамляюць малюнак, тэкст і інш. 2) У дарожным будаўніцтве — вузкія палосы (бартавыя камяні, пліты), якія аддзяляюць праезную частку дарогі ад абочын, тратуараў і інш. 3) У дэкаратыўным садаводстве — паласа бардзюрных (нізкіх) раслін па контуры клумбы, газона, рабаткі, уздоўж жывых агароджаў, дарожак для стварэння маляўнічых кветкавых кампазіцый. Бывае просты — пасадка шыр. 1—2 м з 1—2 відаў раслін, размешчаных радамі або ў шахматным парадку, і складаны — шыр. 2,5—5 м з некалькіх відаў раслін. Для бардзюраў выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя нізкарослыя (сцылы, крокусы, бурачок скальны, лабелія, эрынус і інш.), сярэднярослыя (касачы, астыльба гібрыдная, флёксы, самшыт вечназялёны і інш.), высакарослыя (дэльфініумы, астры кітайскія, барбарысы і інш.) расліны.

т. 2, с. 306

БАРДО́

(Bordeaux),

горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс. ж., з прыгарадамі 686 тыс. ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр. прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл. мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у тым ліку раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).

т. 2, с. 306

БАРДО́

(Bardot) Брыжыт (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

т. 2, с. 307

Бардовіч Анатоль Майсеевіч

т. 18, кн. 1, с. 344

БАРДО́СКАЯ ВА́ДКАСЦЬ,

сумесь раствору меднага купарвасу з вапнавым малаком (гідраксід кальцыю) адзін з фунгіцыдаў. Павінна быць нейтральнай (кіслая апякае лісце). Выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін (пладовых, гароднінных і інш. культур). Рыхтуецца непасрэдна перад выкарыстаннем. Спажываць плады і гародніну пасля апырсквання можна не раней як праз 10 сутак.

т. 2, с. 307

БА́РДЫШАЎ Іван Іларыёнавіч

(н. 14.7.1912, с. Рускія Нарвашы Янцікаўскага р-на, Чувашыя),

бел. хімік. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р хім. н. (1953), праф. (1955). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1936). З 1954 у Бел. лесатэхн. ін-це, у 1964—79 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў, метадах іх аналізу, распрацоўцы тэхналогій вытв-сці практычна важных лесахім. прадуктаў.

Тв.:

Синтетические продукты из канифоли и скипидара. Мн., 1964 (у сааўт.).

т. 2, с. 307

БАРДЭ́М,

Бардэм Муньёс (Bardem Munos) Хуан Антоніо (н. 2.7.1922, Мадрыд), іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Займаўся ў Ін-це вывучэння і практыкі кінематаграфіі ў Мадрыдзе. Па сваіх сцэнарыях паставіў фільмы «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956), «Помста» (1957), якія рэзка адрозніваліся ад масавай камерц. і прафаш. кінапрадукцыі краіны. У 1960-я г. адышоў ад асн. праблематыкі сваёй творчасці. Змяненне паліт. сітуацыі ў краіне (пасля смерці ген. Франка) садзейнічала адраджэнню ў яго творчасці тагачасных праблем: фільмы «Мост» («Канец тыдня», 1977), «Сем дзён у студзені» (1978) і інш.

т. 2, с. 307

Бардэ Жуль

т. 18, кн. 1, с. 344