БАРДЗЮ́Р

(франц. bordure ад bord край),

1) крывыя або прамыя палосы, якія абрамляюць малюнак, тэкст і інш. 2) У дарожным будаўніцтве — вузкія палосы (бартавыя камяні, пліты), якія аддзяляюць праезную частку дарогі ад абочын, тратуараў і інш. 3) У дэкаратыўным садаводстве — паласа бардзюрных (нізкіх) раслін па контуры клумбы, газона, рабаткі, уздоўж жывых агароджаў, дарожак для стварэння маляўнічых кветкавых кампазіцый. Бывае просты — пасадка шыр. 1—2 м з 1—2 відаў раслін, размешчаных радамі або ў шахматным парадку, і складаны — шыр. 2,5—5 м з некалькіх відаў раслін. Для бардзюраў выкарыстоўваюць адна- і шматгадовыя нізкарослыя (сцылы, крокусы, бурачок скальны, лабелія, эрынус і інш.), сярэднярослыя (касачы, астыльба гібрыдная, флёксы, самшыт вечназялёны і інш.), высакарослыя (дэльфініумы, астры кітайскія, барбарысы і інш.) расліны.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)