БАГІ́НСКІЯ,
род бел. патомных гутнікаў 17—20 ст. У 17—18 ст. заснавалі шмат гутаў на Чарнігаўшчыне. Канстанцін у 1866 валодаў гутай у в. Яцкуны (да 1866 маёнтак Яшуны) Астравецкага р-на. Рамуальд Іпалітавіч (1934—80) — бел. майстар шкляной скульптуры. Працаваў на шклозаводзе «Нёман» (1957—70), на шклозаводах Расіі, Украіны, Грузіі. Яго работы пераважна анімалістычнага жанру: «Конь-агонь» (1966), «Мядзведзь з бочачкай» (1967), «Ой, вы, коні, мае коні» (1969) і інш.; браты Рамуальда (у т. л. Віктар) — на шклозаводах Украіны. Іван Рамуальдавіч працуе на шклозаводзе «Нёман».
М.М.Яніцкая.
т. 2, с. 207
БА́ГІО
(Baquio),
горнакліматычны курорт на Філіпінах. За 240 км ад г. Маніла, на в-ве Лусон, у гарах, абкружаны хваёвымі лясамі. Засн. ў 1904. Умераны горны клімат. Летам у Багіо функцыянуе рэзідэнцыя ўрада Філіпін.
т. 2, с. 207
БАГІ́РАЎ Націк Надзір-аглы
(н. 7.9.1964, г. Баку),
бел. спартсмен (барацьба дзюдо і самба). Зас. майстар спорту Беларусі (1995). Скончыў азерб. ун-т нафты і хіміі (1986). З 1987 у Мінску. Чэмпіён свету (1991, 1992) і Еўропы (1989, 1992, 1994, 1995) па самба, прызёр Кубка Еўропы (1994, 2-е месца) і чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995, 3-е месца) па дзюдо.
т. 2, с. 207
БАГЛА́НАВА Роза Тажыбаеўна
(н. 1.1.1922, г. Казалінск Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),
казахская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1967). З 1949 салістка Казах, філармоніі, з 1960 — Казахканцэрта. Выканальніца нар. (казах., рус., узб., тат., манг., карэйскіх і інш.) і эстрадных песень.
т. 2, с. 207
БА́ГМУТ Ала Іосіфаўна
(н. 12.5.1929, г. Харкаў),
украінскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1980). Працуе ў галіне ўсх.-слав. і эксперыментальнай фанетыкі, культуры мовы; даследуе інтанацыю спантаннага маўлення, пытанні інтанацыйнай і групавой выразнасці мовы сродкаў масавай інфармацыі. Пад яе кіраўніцтвам зроблена параўнальнае даследаванне інтанацыі бел., рус. і ўкр. моў — «Тыпалогія інтанацыі маўлення» (у сааўт., 1977), апісала бел. прасодыю, разгледзела асаблівасці пабуджальнай інтанацыі і інтанацыі паведамлення ў бел. мове.
Л.Ц.Выгонная.
т. 2, с. 207
БА́ГНА,
дрыгва, зыбкае, грузкае балота. Утвараецца пры зарастанні возера чаротам, рагозам, бабком трохлістым, капытнікам балотным, брыевымі і сфагнавымі імхамі і інш. раслінамі (з паверхні) і ператварэнні яго ў нізіннае балота. Пад слоем нетрывалай травяна-імшыстай дзярніны (сплавіны) знаходзіцца слой вады або глею. Узровень вады блізкі да паверхні, перыядычна мяняецца. Небяспечная для людзей і свойскай жывёлы; замярзае толькі ў самыя суровыя зімы. З развіццём меліярацыі і асушэннем нізінных балотаў вял. багнавыя масівы на Беларусі амаль зніклі. Захаваліся на тэрыторыі некаторых запаведнікаў (Бярэзінскі біясферны, Прыпяцкі гідралагічны) і заказнікаў.
т. 2, с. 207
БА́ГНА-СХЕ́ДА,
балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс. га (у тым ліку ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс. га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн. т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.
т. 2, с. 208
БАГНО́ЎКА,
вадзяніка, вараніка, шыкша (Empetrum), род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.
т. 2, с. 208
«БАГО́РЫЯ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.
т. 2, с. 208