БАГНО́ЎКА,

вадзяніка, вараніка, шыкша (Empetrum), род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.

Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)