Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ра́курс, -у, м.

1. Перспектыўнае скарачэнне аддаленых ад гледача частак адлюстраванага на плоскасці прадмета (спец.).

2. перан. Пункт погляду, з якога што-н. разглядаецца; аспект.

Падаць праблему ў новым ракурсе.

|| прым. ра́курсны, -ая, -ае.

раку́шнік, -у, м.

Порыстая вапнавая горная парода, якая складаецца з ракавін марскіх жывёл, змацаваных вапняковым ілам.

|| прым. раку́шачны, -ая, -ае.

ракфо́р, -у, м.

Гатунак сыру з плесневым грыбком, які адрозніваецца асаблівай вастрынёй смаку і паху.

ра́ла, -а, мн. -ы, рал, н.

Адгаліненне ствала дрэва; тоўсты сук.

|| прым. ра́лісты, -ая, -ае.

Ралістая дзічка.

ра́лі, нескл., н.

Аўта- або мотагонкі на спецыяльных спартыўных машынах паводле зададзенага рэжыму руху.

Аўтамабільнае р.

|| прым. ралі́йны, -ая, -ае.

ралі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Спартсмен, які ўдзельнічае ў ралі.

ралля́, -і́, ж.

Узаранае поле, узараная глеба.

Свежая р.

ра́ма, -ы, мн. -ы, рам, ж.

1. Аконны пераплёт з устаўленым шклом і без яго.

Драўляныя рамы.

2. Аправа для ўстаўкі карцін, партрэтаў, люстраў і пад.

Прыгожая р.

3. Нясучая частка машыны, якой-н. канструкцыі; станіна.

Веласіпедная р.

4. Прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб і мэт.

Лесапільная рама — машына для падоўжнага распілоўвання бярвення.

|| прым. ра́мны, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

рама́н¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

Апавядальны твор са складаным сюжэтам і шматлікімі героямі; вялікая форма эпічнай літаратуры.

Гістарычны р.

|| прым. рама́нны, -ая, -ае і рамані́чны, -ая, -ае.

Раманны жанр.

Раманічная кампазіцыя.

рама́н², -а, м. (разм.).

Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай.

Завесці р.

|| прым. рамані́чны, -ая, -ае.

Раманічная гісторыя.