раке́та, -ы, ДМ -ке́це, мн. -ы, -ке́т, ж.
1. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком.
Касмічная р.
2. Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай.
3. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і выкарыстоўваецца для феерверкаў і светлавых сігналаў.
Сігнальная р.
4. Быстраходнае рачное пасажырскае судна на падводных крылах.
Плысці на ракеце.
|| прым. раке́тны, -ая, -ае.
Дзень ракетных войск і артылерыі.
ракета...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да ракеты (у 1 знач.), напр.: ракетабудаванне, ракетабудаўнік, ракетадром, ракетаносец, ракетаносны, ракетападобны.
ракетабудава́нне, -я, н.
Вытворчасць ракет (у 1 знач.).
ракетадро́м, -а, мн. -ы, -аў, м.
Комплекс збудаванняў і тэхнічных сродкаў для запуску ракет (у 1 знач.).
|| прым. ракетадро́мны, -ая, -ае.
ракетано́сец, -но́сца, мн. -но́сцы, -но́сцаў, м.
Самалёт, карабель ці падводная лодка, аснашчаныя ракетамі (у 1 і 2 знач.).
ракетано́сны, -ая, -ае.
Узброены баявымі ракетамі.
Р. карабель.
раке́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.
Спартыўны снарад у выглядзе зацягнутага сеткай авальнага абруча з дзяржаннем або лапаткі з ручкай для гульні ў тэніс, бадмінтон, пінг-понг.
Тэнісная р.
Першая р. (перан.: лепшы ігрок).
|| прым. раке́тачны, -ая, -ае.
раке́тчык, -а, мн. -і, -аў, м.
1. Ваеннаслужачы ракетных войск.
2. Чалавек, які падае сігналы ракетамі (у 3 знач.).
|| ж. раке́тчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.
ракірава́цца, -ру́юся, -ру́ешся, -ру́ецца; -ру́йся; зак. і незак. (спец.).
Зрабіць (рабіць) ракіроўку.
ракіро́ўка, -і, ДМ -ро́ўцы, мн. -і, -ро́вак, ж.
1. У шахматнай гульні: адначасовы ход каралём і ладдзёй, пры якім кароль перастаўляецца цераз адно поле ў бок ладдзі, а ладдзю пераносяць цераз караля і ставяць побач з ім.
Зрабіць ракіроўку.
2. Перастаноўка сіл, замена ў чым-н. з мэтай умацавання пазіцый.
Р. кадраў.
У футбольнай камандзе адбылася р.
|| прым. ракіро́вачны, -ая, -ае.