смех, -у, м.
Кароткія характэрныя парывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці, задаволенасці, а таксама злараднасці, насмешкі і іншых пачуццяў.
Здаровы дзіцячы с.
Падарваць жываты са смеху.
◊
Без смеху — сур’ёзна.
Не да смеху — няма прычыны смяяцца, весяліцца.
Смех бярэ — хочацца смяяцца.
Смеху варта — смешна.
смехата́, -ы́, ДМ -хаце́, ж. (разм.).
Нешта смешнае, вартае насмешкі.
З гэтых дзяцей адна с.!
смехатво́рны, -ая, -ае.
Легкадумны, недарэчны, варты смеху, кпін.
Смехатворнае апраўданне.
С. выпадак.
|| наз. смехатво́рнасць, -і, ж.
сме́ціць, сме́чу, сме́ціш, сме́ціць; незак.
Пакідаць дзе-н. смецце, забруджваць смеццем.
С. на кухні.
|| зак. насме́ціць, -сме́чу, -сме́ціш, -сме́ціць; -сме́чаны.
сме́цце, -я, н.
1. Адкіды, рэшткі чаго-н.
Згарнуць с. ў кучу.
2. Што-н. дробнае, драбяза.
Не ягады, а адно с.
◊
Выносіць смецце з дому (хаты) (разм.) — рабіць вядомым тое, чаго не павінны ведаць іншыя.
|| прым. сме́ццевы, -ая, -ае.
смеццеправо́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.
Вертыкальны канал у сцяне дома з адтулінамі на паверхах для скідвання смецця.
|| прым. смеццеправо́дны, -ая, -ае.
смець, сме́ю, сме́еш, сме́е; незак., з інф.
1. Адважвацца, мець смеласць для чаго-н.
Не с. спрачацца.
2. Мець права на што-н.
Ніхто не смее парушаць закон.
◊
Не смей(це) (разм.) — строгая забарона што-н. рабіць.
|| зак. пасме́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е.
сме́шны, -ая, -ае.
1. Які выклікае смех.
С. анекдот.
Смешнае здарэнне.
Смешна (прысл.) мне з такой работы.
2. Які выклікае іронію, насмешку.
С. вобраз.
3. перан. Недарэчны, такі, што нельга ўспрымаць сур’ёзна.
Смешныя патрабаванні.
смог, -у, м.
У вялікіх гарадах: задушлівы туман, змяшаны з выхлапнымі газамі, дымам і куродымам.
Над горадам вісіць с.
|| прым. смо́гавы, -ая, -ае.
смо́ква, -ы, мн. -ы, -аў, ж.
Плод смакоўніцы, вінная ягада.
|| прым. смако́ўны, -ая, -ае.