Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

рамі́знік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Фурман наёмнага экіпажа.

2. Экіпаж з фурманам.

|| прым. рамі́зніцкі, -ая, -ае.

рамі́зніцтва, -а, н.

Занятак рамізніка (у 1 знач.).

ра́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.).

Партрэт у прыгожай рамцы.

2. Графічнае абрамленне якога-н. тэксту, малюнка.

3. толькі мн., чаго; перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што-н.

У рамках канцэртнай праграмы.

4. Прыстасаванне для сотаў у вуллі.

Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго-н.

|| прым. ра́мачны, -ая, -ае (у 1, 2 і 4 знач.).

Рамачная антэна.

Р. вулей.

рамо́нак, -нку і -нка, м.

1. -нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных з адзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая.

2. -нка, мн. -нкі, -нкаў. Кветка гэтай расліны.

3. -нку. Лекавы настой або высушаныя кветкі гэтай расліны.

Паласкаць горла рамонкам.

|| прым. рамо́нкавы, -ая, -ае.

рамо́нт¹, -у, М -нце, м.

Ліквідацыя пашкоджанняў, паломак.

Р. абутку.

Капітальны р. кватэры.

|| прым. рамо́нтны, -ая, -ае.

Рамонтныя работы.

рамо́нт², -у, М -нце, м. (спец.).

1. Папаўненне табуна або статка маладняком.

2. Ліквідацыя зрэджанасці пасеваў, прысад насеннем, саджанцамі і пад.

Р. вінаградніку.

|| прым. рамо́нтны, -ая, -ае.

Р. маладняк.

рамо́нтнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, які займаецца рамонтам¹.

|| ж. рамо́нтніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

ра́мпа, -ы, ж. (спец.).

1. Невысокі бар’ер уздоўж авансцэны, які прыкрывае ад гледачоў прыборы для асвятлення сцэны.

2. Асвятляльная апаратура, якая змяшчаецца за такім бар’ерам.

Агні рампы.

|| прым. ра́мпавы, -ая, -ае.

рамштэ́кс, -у, м.

Адбіты і падсмажаны ў сухарах скрылік ялавічыны.

Р. з гарнірам.

|| прым. рамштэ́ксны, -ая, -ае.

ра́мшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, які працуе на лесапільнай раме.