Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

спрацава́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -цу́е; зак.

Зрабіць якое-н. дзеянне, рух.

Міна не спрацавала.

|| незак. спрацо́ўваць, -ае.

|| наз. спрацо́ўванне, -я, н.

спрача́льнік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Чалавек, які любіць спрачацца.

|| ж. спрача́льніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

спрача́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); сварыцца.

Дзядзькі спрачаліся не на жарт.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым-н.

С. за кватэру.

3. перан. Супраціўляцца чаму-н., змагацца з кім-н.

С. з нягодамі і нястачамі.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.).

|| зак. паспрача́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 1, 3 і 4 знач.).

спрашча́цца гл. спрасціцца.

спрашча́ць гл. спрасціць.

спрашчэ́нне гл. спрасціць.

спрашчэ́нства, -а, н.

Спрошчаны, павярхоўны падыход да вырашэння складаных праблем.

|| прым. спрашчэ́нскі, -ая, -ае.

спро́ба, -ы, мн. -ы, спроб, ж.

1. Намаганне зрабіць што-н. пры адсутнасці упэўненасці ў дасягненні поспеху.

Зрабіць спробу пераканаць апанента.

Няўдалая с.

2. Праверка, выпрабаванне дзейнасці чаго-н.

С. адрамантаваць радыёпрыёмнік.

|| прым. спро́бны, -ая, -ае.

спро́шчаны, -ая, -ае.

1. Прасцейшы за папярэдні.

С. механізм.

2. Залішне просты, недастаткова глыбокі; прымітыўны.

С. фінал рамана.

Спрошчанае ўяўленне пра жыццё.

|| наз. спро́шчанасць, -і, ж.

спружы́на, -ы, мн. -ы, -жы́н, ж.

1. Пругкая металічная палоска ці дрот і пад., выгнутыя пераважна спіраллю, што служыць для змяншэння сілы ўдараў, прывядзення ў рух механізмаў і інш.

С. ў гадзінніку.

Дзвярная с.

2. перан., чаго або якая. Рухаючая сіла чаго-н.

Унутраныя спружыны ўчынкаў.

|| прым. спружы́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Спружынная канапа (са спружынамі).