Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

спорт, -у, М -рце, м.

1. Фізічныя практыкаванні для развіцця і загартоўкі, умацавання арганізма.

Лыжны с.

2. Фізічныя практыкаванні як прафесійны занятак з мэтай дасягнення высокіх вынікаў у спаборніцтвах (напр., гімнастыка, бокс, барацьба, футбол і інш.).

3. перан. Занятак, які з’яўляецца прадметам азартнага захаплення.

Камп’ютарныя гульні — нездаровы с.

|| прым. спарты́ўны, -ая, -ае.

С. комплекс.

Спартыўныя гульні.

спорт... (а таксама спарт...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае знач. слова «спартыўны» і ўжыв., калі націск у другой частцы слова падае не на першы склад, напр.: спортгарадок, спортабсталяванне.

спо́ры, спор і спо́раў, адз. спо́ра, -ы, ж.

Зачаткі некаторых раслінных арганізмаў, а таксама некаторых прасцейшых жывёл, што служаць для размнажэння.

|| прым. спо́равы, -ая, -ае.

спо́рыцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -рыцца; незак. (разм.).

Пра дзейнасць, працу: удавацца, прыходзіць паспяхова.

Работа спорыцца.

спо́саб, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Дзеянне або сістэма дзеянняў, якія прымяняюцца для ажыццяўлення чаго-н., выканання якой-н. работы.

С. вытворчасці.

С. загартоўкі сталі.

2. Характар, парадак чаго-н.

С. кіравання.

Прычыны такога спосабу жыцця.

спо́тайку, прысл.

Употай, цішком, непрыкметна.

Дзяжурны с. назіраў за тым, што адбывалася ў класе.

спо́ўніцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ніцца; зак.

1. Здзейсніцца, ажыццявіцца.

Яго мара споўнілася.

2. Пра час, дасягненне якога-н. узросту.

Споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння вучонага.

|| незак. спаўня́цца, -я́ецца.

спо́ўніць, -ню, -ніш, -ніць; -нены; зак., што.

Здзейсніць, ажыццявіць.

С. жаданне.

С. доўг.

спрабава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; незак. і зак.

1. незак., каго-што. Правяраць стан або якасць каго-, чаго-н., выпрабоўваць.

С. свае сілы.

С. голас.

2. незак., што. Каштаваць што-н., есці што-н. для вызначэння смаку.

С. суп.

3. незак. і (радзей) зак., з інф. Рабіць (зрабіць) спробу выканаць якія-н. дзеянні, здзейсніць што-н.

С. заснуць.

С. узлезці на дрэва.

4. незак. і (радзей) зак., што. Зведваць (зведаць) што-н.

Ён ужо не раз спрабаваў турму.

|| зак. паспрабава́ць, -бу́ю, -бу́еш, -бу́е; -бу́й; -бава́ны.

спра́ва¹, -ы, мн. -ы, спраў, ж.

1. Работа, карысны занятак; тое, чым хто-н. заняты; дзейнасць.

Ён заняты важнаю справаю — вучыць дзяцей.

Гаспадарчыя справы.

2. Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад.

Бягучыя справы.

Здаваць справы.

3. Абавязак, доўг; кола чыіх-н. паўнамоцтваў.

Добрасумленная праца — с. кожнага грамадзяніна.

Гэта с. адміністрацыі.

4. Патрэба; тое, што неабходна вырашыць.

Зайсці па важнай справе.

5. (з азначэннем), у знач. вык. Рэч, з’ява.

Гэта с. не з лёгкіх.

6. Спецыяльнасць, галіна ведаў ці навыкаў.

Ваенная с.

Кулінарная с.

7. Судовы разбор, працэс.

Крымінальная с.

Слухаецца с. аб забойстве.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да якой-н. асобы, здарэння.

Папкі для спраў.

Завесці справу на каго-н. (таксама перан.: пачаць разбор).

9. Здарэнне, факт, падзея; становішча дзе-н., стан каго-, чаго-н.; абставіны.

С. гэта пачалася летась.

С. не з лепшых.

10. Учынак.

Добрую справу робяць шэфы школы.

Асабовая справа — папка з дакументамі якой-н. асобы, што працуе ў пэўнай установе.

Ваша (твая, яго) справа (разм.) — рэпліка ў знач. рабіце, як знаеце, вам вырашаць, толькі вас датычыцца.

Ёсць такая справа (разм.) — добра, згодзен, няхай будзе так.

На самай справе — у сапраўднасці.

На справе — па сутнасці, на практыцы.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа (разм.) — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Такая справа (разм.) — вось у чым справа.

У чым справа? (разм.) — што здарылася?