Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

спіса́цца, спішу́ся, спі́шашся, спі́шацца; спішы́ся; зак.

1. Звязацца з кім-, чым-н. праз перапіску.

С. са сваімі аднакурснікамі.

2. У маракоў, авіятараў і пад.: звольніцца, выйсці ў запас (спец.).

С. з карабля.

3. Зрасходавацца пры пісьме; прыйсці ў непрыгоднасць (пра аловак, пяро і пад.).

Стрыжань спісаўся.

|| незак. спі́свацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. спіса́нне, -я, н. (да 2 знач.).

спіса́ць, спішу́, спі́шаш, спі́ша; спішы́; спі́саны; зак.

1. што. Перапісаць з арыгінала што-н., зрабіць рукапісную копію чаго-н.

С. з дошкі сказы.

С. вершы са зборніка паэзіі.

2. што. Паказаць (у жывапісе, літаратуры), выкарыстаўшы каго-, што-н. як прататып, натуру.

С. копію з карціны.

3. што і з дадан. Запісаць у спіс каго-, што-н.

С., колькі чаго патрэбна для паходу.

4. што. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або непрыгоднае.

С. старое абсталяванне.

5. што. Запоўніць пісьмовымі знакамі да канца; зрасходаваць (сшытак, аркуш паперы і пад.).

С. усе старонкі ў сшытку.

6. што. Зрасходаваць на пісанне (разм.).

С. чарніла.

7. перан., каго-што. Спаласаваць, збіць (разм.).

С. ногі дубцом.

8. каго-што. У маракоў, авіятараў і пад.: звольніць, адправіць у запас (спец.).

С. на бераг.

|| незак. спі́сваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. спі́сванне, -я, н. (да 1—6 і 8 знач.) і спіса́нне, -я, н. (да 4 і 8 знач.).

спі́ткі, -аў (разм.).

Недапітыя рэшткі чаго-н.

спіха́ць¹ гл. сапхнуць.

спіха́ць² гл. сапхаць.

спіхну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак.

Тое, што і сапхнуць.

|| незак. спі́хваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. спі́хванне, -я, н.

спі́ца, -ы, мн. -ы, спіц, ж.

1. Адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам.

У коле не хапае многа спіц.

2. Драўляны або металічны стрыжань рознага прызначэння.

3. Плоскае выгнутае шыла для пляцення лапцей.

4. Тонкі драцяны стрыжань для вязання.

Апошняя спіца ў калясніцы (разм.) —

1) чалавек, які адыгрывае нязначную ролю ў жыцці, грамадстве, у якой-н. справе;

2) тое, што не мае вялікага значэння.

|| прым. спі́цавы, -ая, -ае.

спі́цца, сап’ю́ся, сап’е́шся, сап’е́цца; сап’ёмся, сап’яце́ся, сап’ю́цца; зак. (разм.).

Стаць п’яніцам, п’яніцай.

|| незак. співа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

спіць, сап’ю́, сап’е́ш, сап’е́; сап’ём, сап’яце́; зак. (разм.).

1. што. Адпіць верхнюю частку чаго-н. або з паверхні чаго-н.

С. вяршкі.

2. Выпіць.

Нашыя Базылі што не з’елі, то спілі (прымаўка).

спіча́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Верхняя завостраная частка чаго-н.

С. яліны.

2. Вузкая высокая надбудова пірамідальнай або канічнай формы на будынку; шпіль.

С. касцёла.

3. Плоскае выгнутае шыла для пляцення лапцей.

Дзед спрытна трымаў с. у руцэ.