Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

разба́лаваць, -лую, -луеш, -луе; -луй; -лаваны; зак., каго (што).

Надта распесціць, зрабіць непаслухмяным, капрызным.

Р. дзіця.

разбалбата́цца, -балбачу́ся, -балбо́чашся, -балбо́чацца; -балбачы́ся; зак. (разм.).

Пачаўшы балбатаць, захапіцца размовамі.

разбалбата́ць, -балбачу́, -балбо́чаш, -балбо́ча; -балбачы́; -балбата́ны; зак., што (разм.).

Расказаць каму-н. тое, пра што нельга, не варта было гаварыць.

разбале́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -лі́цца; зак.

Пачаць моцна балець.

Зуб разбалеўся.

|| незак. разбо́львацца, -аецца.

разбамбі́ць, -бамблю́, -бамбі́ш, -бамбі́ць; -бамбі́м, -бамбіце́, -бамбя́ць; -бо́мблены; зак., каго-што.

Разбіць, разбурыць бамбёжкай.

разбарані́ць, -раню́, -ро́ніш, -ро́ніць; -ро́нены; зак., каго (што).

Разняць, развесці (тых, хто пачаў біцца).

Р. задзір.

|| незак. разбараня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

разбарса́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́ецца; зак. (разм.).

Развязацца (пра аборы і пад.).

|| незак. разбэ́рсвацца, -аецца.

разбарса́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што (разм.).

Выцягнуць абору (з лапця).

Хлопец сеў, разбарсаў лапці.

|| незак. разбэ́рсваць, -аю, -аеш, -ае.

разбе́гчыся, -бягу́ся, -бяжы́шся, -бяжы́цца; -бяжы́мся, -бежыце́ся, -бягу́цца; -бе́гся, -бе́глася; -бяжы́ся; зак.

1.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра многіх: бягом накіравацца ў розныя бакі.

Дзеці з шумам разбегліся.

2. Прабегчы некаторую адлегласць, каб падрыхтавацца да скачка, пад’ёму і пад.

Разбегся і скочыў.

Перад скачком трэба добра р.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі: страціць здольнасць сканцэнтравацца на чым-н.

Вочы разбегліся ў каго (разм.) — не ведае, што выбраць, на чым спыніцца.

|| незак. разбяга́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. разбе́г, -у, м. і разбе́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 2 знач.).

Разбег самалёта (даўжыня прабегу па зямлі да моманту ўзлёту). Разбежка перад скачком.

З разбегу

а) набраўшы скорасць, разбегшыся;

б) не змогшы спыніцца пасля бегу.

разбе́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (разм.).

1. гл. разбегчыся.

2. Размінка бегам перад спартыўнымі выступленнямі.

3. Разыходжанне, несупадзенне ў чым-н.; супярэчнасць.

Р. ў два міліметры.