Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

распла́ў, -ла́ву, мн.а́вы, -ла́ваў, м. (спец.).

Рэчыва ў расплаўленым стане.

расплаці́цца, -плачу́ся, -пла́цішся, -пла́ціцца; зак.

1. з кім-чым. Заплаціць грошы каму-н. за што-н., разлічыцца за паслугі.

Р. з даўгамі.

2. перан., з кім. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду.

Р. з ворагам.

3. перан. Панесці пакаранне за што-н.

Здраднік расплаціўся за свае дзеянні.

|| незак. распла́чвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. распла́та, -ы, ДМ -пла́це, ж.

распле́сці, -пляту́, -пляце́ш, -пляце́; -пляцём, -плецяце́, -пляту́ць; расплёў, -пляла́, -ло́; -пляці́; -пле́цены; зак., што.

Распусціць што-н. сплеценае; разняць.

Р. касу.

Р. вянок.

|| незак. расплята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

распле́сціся, 1 і 2 ас. не ўжыв., -пляце́цца; расплёўся, -пляла́ся, -ло́ся; зак.

Распусціцца (пра што-н. сплеценае).

Каса расплялася.

|| незак. расплята́цца, -а́ецца.

расплы́сціся і расплы́цца, -плыву́ся, -плыве́шся, -плыве́цца; -плывёмся, -плывяце́ся, -плыву́цца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі.

Гусі расплыліся па возеры.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся пад уздзеяннем вільгаці, вады.

Літары расплыліся, нічога нельга разабраць.

3. перан. Страціць выразнасць ліній, абрысаў.

У цемрадзі расплыліся абрысы гор.

4. перан. Распаўнець, страціць стройнасць фігуры (разм.).

Р. на старасці гадоў.

5. З’явіцца на твары (пра ўсмешку).

На твары расплылася лагодная ўсмешка.

|| незак. расплыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

расплы́ўчаты, -ая, -ае.

1. Які не мае выразна акрэсленых абрысаў.

Расплыўчатыя абрысы гор.

2. перан. Невыразны, няпэўны, няясны.

Р. адказ вучня.

|| наз. расплы́ўчатасць, -і, ж.

распо́кнуцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -нецца; зак. (разм.).

Пра пупышкі, пераспелыя плады: распусціцца, лопнуць.

Пупышкі на вярбе распокнуліся.

|| незак. распо́квацца, -аецца.

распо́р, -у, м. (спец.).

У збудаваннях і канструкцыях: ціск, які пашыраецца ў гарызантальным напрамку пад уздзеяннем сіл, якія дзейнічаюць у вертыкальным напрамку.

|| прым. распо́рны, -ая, -ае.

распо́рак, -рка, мн. -ркі, -ркаў, м.

Фасонны разрэз у верхнім адзенні; распорка.

Фрэнч з распоркамі ззаду.

распо́рвацца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -аецца; незак.

Тое, што і пароцца².