Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ста́рыць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -рыць; незак., каго (што).

Рабіць старым, надаваць стары выгляд.

Дрэннае жыццё с.

Барада с. чалавека.

|| зак. саста́рыць, -рыць.

старэ́йшы, -ая, -ае.

1. Якому больш гадоў у параўнанні з кім-н.; самы дарослы сярод каго-н.

С. сын.

Старэйшая ў сям’і.

2. старэ́йшы, -ага, мн. -ыя, -ых, м.знач. наз.). Дарослы.

Старэйшых павінны слухаць меншыя.

3. Які даўно ўтварыўся, узнік.

Старэйшая школа горада.

4. Які стаіць вышэй за іншых па званні, пасадзе, службовым становішчы.

С. па званні.

старэ́йшына, -ы, мн. -ы, -шын, м.

1. У радавым грамадстве: кіраўнік абшчыны.

2. Самы вопытны, спрактыкаваны, паважаны і аўтарытэтны член якога-н. калектыву.

С. тэатра.

старэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е; незак.

1. Рабіцца старым.

З гадамі чалавек старэе.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца ўстарэлым.

Тэхніка старэе.

|| зак. састарэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е (да 1 знач.), устарэ́ць, -э́е (да 2 знач.) і пастарэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е (да 1 знач.).

|| наз. старэ́нне, -я, н.

старэ́чы, -ая, -ае.

Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму.

С. кашаль.

Старэчая паходка.

стасава́цца, -су́юся, -су́ешся, -су́ецца; -су́йся; незак.

Быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім-, чым-н.

Учынак не стасуецца з яго характарам і выхаваннем.

стасава́ць гл. тасаваць.

ста́так, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам.

С. кароў.

2. адз. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы.

Маеш статак, мусіш мець і ўпадак (прыказка; разм.) — у гаспадарцы не бывае без урону.

|| прым. ста́ткавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

ста́тар, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Нерухомая частка электрычнай машыны ротарнага тыпу.

|| прым. ста́тарны, -ая, -ае.

ста́тны, -ая, -ае.

Стройны, добра, прапарцыянальна складзены.

Статная фігура.

|| наз. ста́тнасць, -і, ж.