Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

секта́нцтва

(ад сектант)

1) агульная назва рэлігійных груп, якія дзейнічаюць унутры тых ці іншых рэлігій або веравызнанняў як вынік апазіцыі да іх; прыналежнасць да такой групы (секты);

2) вузкасць і дагматычнасць поглядаў у асоб, якія замкнуліся ў сваіх групавых інтарэсах.

се́ктар

(лац. sector)

1) мат. частка плоскай фігуры, абмежаваная дугой і радыяльнымі лініямі (напр. с. круга);

2) частка якой-н. плошчы, абмежаваная радыяльнымі лініямі (напр. с. стадыёна);

3) частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя прыметы (напр. кааператыўны с. у сельскай гаспадарцы);

4) аддзел установы або арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю;

5) участак сістэмы кіравання самалёта, карабля і інш.

секулярыза́цыя

(фр. sécularisation, ад лац. saecularis = свецкі)

1) перадача царкоўнай і манастырскай маёмасці ва ўласнасць дзяржавы;

2) вылучэнне чаго-н. з царкоўнага падпарадкавання і перадача свецкаму, грамадзянскаму;

3) перан. вызваленне ад уплыву рэлігіі ў грамадскай і творчай дзейнасці.

секу́нда

(лац. secunda)

1) прамежак часу, роўны 1/60 часткі мінуты, ці вугла, роўны 1/3600 градуса;

2) муз. другая ступень гамы, а таксама інтэрвал паміж двума суседнімі гукамі гэтай гамы;

3) другі інструмент і яго партыя ў аркестры.

секундако́рд

(ад секунда + акорд)

трэцяе абарачэнне септакорда.

секундаметры́ст

(ад секунда + гр. metreo = мераю)

асоба, якая на спартыўных спаборніцтвах вядзе ўлік часу пры дапамозе секундамера.

секунда́нт

(лац. secundans, -ntis = які садзейнічае, дапамагае)

1) адзін з двух сведак і пасрэднікаў на дуэлі;

2) памочнік удзельніка спартыўнага спаборніцтва (у боксе, шахматах і інш.).

секунда́рны

(лац. secundarius)

другасны.

секу́нд-маёр

(ад лац. secundus = другі + маёр)

афіцэрскае званне ў рускай арміі 18 ст., якое пазней адпавядала званню капітана.

секурыне́га

(н.-лац. securinega, ад лац. securia = сякера + nego = супрацьстаю)

кустовая расліна сям. малачаевых з простым цэльным лісцем і дробнымі зеленавата-жоўтымі кветкамі, пашыраная ў Міжземнамор’і, умераных і субтрапічных абласцях Азіі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі; лекавая; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.