Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свара́дж

(санскр. svaräja = сваё праўленне)

асноўны лозунг нацыянальна-вызваленчага руху ў каланіяльнай Індыі з пач. 20 ст. да 1947 г., які трактаваўся левым крылом руху як заклік да поўнай нацыянальнай незалежнасці, а правым як патрабаванне абмежаванага самакіравання ў рамках Брытанскай імперыі.

сва́стыка

(санскр. svastika)

знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі, які першапачаткова меў культавае значэнне ў некаторых старажытных народаў, атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі; служыў дзяржаўнай эмблемай германскаму фашызму.

све́рцыя

(н.-лац. swertia, ад Swert = прозвішча галандскага садавода)

травяністая расліна сям. гарычкавых з буйным лісцем і брудна-сінімі або сіне-фіялетавымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў гарах Еўразіі, Усх. Афрыкі і ціхаакіянскай часткі Паўн. Амерыкі; лекавая і дэкаратыўная; на Беларусі трапляецца рэдка.

сві́дар

(польск. świder)

інструмент для свідравання шчылін у метале, дрэве, грунце і інш.

свідзі́на

(н.-лац. swida)

кустовая расліна сям. кізілавых з ярка-чырвонымі парасткамі, акруглым лісцем і белымі кветкамі ў шчыткападобных, мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях, пашыраная ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы; некаторыя віды вырошчваюцца як дэкаратыўныя.

свідрава́ць

(польск. świdrować)

1) рабіць свердлам адтуліны ў чым-н.; бурыць адтуліны ў грунце;

2) перан. пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем;

3) перан. непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні).

свінг

(англ. swing = ваганне, размах)

1) бакавы ўдар са значнай адлегласці ў боксе;

2) мяжа аўтаматычнага ўзаемнага крэдытавання бакамі двухбаковага плацёжнага плацежнага пагаднення, тэхнічны крэдыт па валютным клірынгу.

свіп-генера́тар

(ад англ. sweep = бесперапынны рух + генератар)

генератар электрамагнітных ваганняў, частата якіх аўтаматычна змяняецца ў пэўных межах; прымяняецца ў вымяральнай апаратуры.

сві́ран

(літ. svirnas)

будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, прадуктаў, рэчаў і інш.

сві́та

(фр. suite)

1) асобы, якія суправаджаюць важную, высокапастаўленую асобу, напр. манарха;

2) перан. асобы, якія пастаянна акружаюць каго-н., суправаджаюць яго;

3) сукупнасць пластоў горных парод, якія аб’ядноўваюцца падобным саставам і ў пэўнай ступені адрозніваюцца ад пластоў, што залягаюць вышэй і ніжэй.