Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сансеўе́ра

(н.-лац. sansevieria)

травяністая расліна сям. агававых з доўгім лісцем і дробнымі зеленавата-белымі пахучымі кветкамі, пашыраная ў трапічнай Афрыцы, Азіі; на Беларусі вырошчваецца ў пакоях і аранжарэях.

санскры́т

(санскр. sanskrta = апрацаваны)

літаратурная мова старажытнай і сярэдневяковай Індыі.

санскрытало́гія

(ад санскрыт + -логія)

навука, якая вывучае санскрыт і напісаную на гэтай мове літаратуру.

санскрыто́лаг

(ад санскрыт + -лаг)

спецыяліст па санскрыту і напісанай на гэтай мове літаратуры.

санта́л

(гр. santalon, ад ар. sandal)

тое, што і сандал1.

сантані́н

(ад лац. santonica herba = сантонская трава, ад Santones = назва гальскай правінцыі)

глістагонны сродак, які здабываецца з кветак і сцёблаў цытворнага палыну.

са́нта-гертру́да

(ад англ. Santa Gertrudis = назва фермы ў ЗША)

парода буйной рагатай жывёлы мяснога напрамку, выведзеная ў штаце Тэхас у 20 ст.

санты-

(лац. centum = сто)

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «сотая частка».

сантыгра́м

(ад санты- + грам)

мера масы, роўная сотай долі грама.

сантылі́тр

(ад санты- + літр)

мера ёмістасці, роўная сотай долі літра.