Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіга́ра

(фр. cigare, ад ісп. cigarro)

тое, што і цыгара.

сігарэ́та

(фр. cigarette)

тое, што і цыгарэта.

сігілагра́фія

(ад лац. sigillum = пячатка + -графія)

тое, што і сфрагістыка.

сігіля́рыі

(н.-лац. sigillaria, ад лац. sigillaria = адбіткі)

вымерлыя дрэвы аддзела дзеразападобных, якія існавалі ў другой палавіне палеазою; мелі калонападобны ствол з укрытай доўгім мечападобным лісцем верхавінай.

сі́гма

(гр. sigma)

назва літары грэчаскага алфавіта, якая абазначае гук «с», а ў матэматыцы — суму.

сігна́л

(лац. signalis = які падае знак)

1) умоўны знак, які паведамляе аб чым-н., служыць камандай, распараджэннем і інш. (напр. дарожныя сігналы, с. да атакі);

2) перан. папярэджанне аб чым-н. непажаданым;

3) геад. драўляная або металічная вышка ў пункце трыангуляцыі для ўстаноўкі геадэзічных інструментаў і для візіравання з іншых пунктаў;

4) імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.

сігналагра́ма

(ад сігнал + -грама)

носьбіт інфармацыі са зробленым на ім запісам сігналаў, напр. магнітафонная стужка, грампласцінка, кінастужка.

сігналагра́фія

(ад сігнал + -графія)

запіс гукавой інфармацыі на магнітафоннай стужцы, грампласцінцы, кінастужцы.

сігналізава́ць

(ад лац. signalis = які падае знак)

1) падаваць сігнал, паведамляць сігналам што-н., аб чым-н.;

2) перан. папярэджваць, паведамляць пра што-н. непажаданае.

сігналіза́цыя

(ад лац. signalis = які падае знак)

1) падача сігналаў;

2) сістэма сігналаў, якая прымяняецца дзе-н.;

3) прыстасаванне для падачы сігналаў.