Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самататы́п

(ад гр. soma, -atos = цела + тып)

тып целаскладу чалавека ў антрапалогіі.

саматы́чны

(гр. somatikos)

які мае адносіны да цела, цялесны;

с-ыя клеткі — усе клеткі жывёльнага або расліннага арганізма, за выключэннем палавых;

с-ая нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы чалавека і жывёл, якая ўяўляе сабой сукупнасць чуллівых і рухальных нервовых валокнаў, што інервуюць шкілетныя мышцы, скуру, суставы.

са́мба1

(рус. самбо, ад самозащита без оружия)

спартыўная барацьба, якая дапускае ўжыванне болевых прыёмаў і дазваляе аказаць паспяховае супраціўленне больш моцнаму або ўзброенаму праціўніку; самаабарона без зброі.

са́мба2

(ісп. zambo)

нашчадкі ад шлюбаў індзейцаў з неграмі ў Лац. Амерыцы.

са́мба3

(парт. samba)

бразільскі хуткі парны танец вольнай кампазіцыі.

самбрэ́ра

(ісп. sombrero, ад sambra = цень)

іспанскі з шырокімі палямі капялюш.

са́міт

(англ. summit = літар. вяршыня)

1) сустрэча або нарада кіраўнікоў дзяржаў;

2) дыпламатыя на вышэйшым узроўні.

самі́ты

(ад гр. soma = цела)

сіметрычна і папарна размешчаныя па баках кішкі ўчасткі мезадэрмы на ранніх стадыях развіцця арганізма; першасныя сегменты.

самна́мбула

(ад лац. somnus = сон + ambulare = хадзіць)

чалавек, хваравіты на самнамбулізм.

самнамбулі́зм

(фр. somnambulisme, ад лац. somnus = сон + ambulare = хадзіць)

разлад свядомасці, калі чалавек у стане сну аўтаматычна выконвае звычайныя дзеянні (ходзіць, перакладвае рэчы і інш.).