Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРЧПАДА́ТАК, харчовы падатак,

цвёрда фіксаваны (20% чыстага прадукту сял. працы, потым 10% ураджаю) натуральны сял. падатак на хлеб, бульбу, алейнае насенне, мяса, яйкі, масла, воўну і інш. прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, уведзены дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 11.3.1921 замест харчразвёрсткі. Неўзабаве быў уведзены і ў БССР. Бяднейшыя сяляне (менш за 1 дзес. ворнай зямлі) вызваляліся ад яго поўнасцю, калект. гаспадаркі мелі падатковыя льготы. Увядзенне Х. ў загадзя вызначаным памеры (меншым за харчразвёрстку) стварала ў сялян матэрыяльныя стымулы для паляпшэння земляробства і павелічэння вытв-сці с.-г. прадуктаў. Значна пашырыліся пасяўныя плошчы збожжавых і бульбы. Дэкрэт ВЦВК і СНК СССР ад 10.5.1923 увёў адзіны с.-г. падатак, які павінен быў забяспечыць абкладанне кожнай сял. гаспадаркі з улікам памераў яе даходаў, колькасці зямлі, свойскай жывёлы і інш. Сяляне павінны былі плаціць падатак 15 ліст. і 15 студз. кожнага года. З 1924 збіраўся толькі грашовы падатак (да 5% даходаў сял. двара).

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,

сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.

Літ.:

Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;

Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;

Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.

А.​В.​Юнцэвіч.

т. 16, с. 555

ХА́РША, Харшавадхана,

правіцель у Паўн. Індыі ў 606 — каля 646/647. З роду Пушпабхуці. Яго спадчынныя ўладанні былі ў верхняй ч. даліны Джамны, Усх. Пенджаба і Раджпутаны; сталіца — г. Стханешвара. Х. адваяваў у бенгальскага правіцеля Шашанкі і Гуптаў Малвы тэр. захопленай імі дзяржавы Маўкхарыяў і далучыў іх да свайго княства. Новай сталіцай зрабіў г. Канаудж. Падпарадкаваў частку Малвы, Бенгалію і Арысу (да 643), стварыў імперыю, роўную па велічыні Гуптаў дзяржаве. Краіна Х. складалася з вял. колькасці васальных княстваў і распалася пасля яго смерці.

т. 16, с. 555

ХА́РЫ, Джамбі (Hari, Djambi),

рака ў Інданезіі, на в-ве Суматра. Даўж. каля 600 км, пл. бас. каля 40 тыс. км-. Вытокі на ўсх. схілах хр. Барысан, цячэ пераважна па забалочанай раўніне, упадае ў праліў Берхала Паўд.-Кітайскага мора. Мнагаводная на працягу года. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Ha Х. — г. Тэланайпура (Джамбі) — пачатак марскога суднаходства.

т. 16, с. 555

ХАРЫ́БДА,

гл. ў арт. Сцыла і Харыбда.

т. 16, с. 555

ХАРЫДЖЫ́ТЫ (ад араб. хаварыдж, літаральна — тыя, што выйшлі),

прыхільнікі радыкальнай секты ў ісламе, што ўтварылася ў 7 ст. ў ходзе барацьбы за ўладу ў араб. Халіфаце паміж прыхільнікамі Алі ібн Абі Таліба і Муавіі I. У бітве пры, Сіфыне (657) Алі пагадзіўся на трацейскі суд. Тады 12 тыс. яго воінаў у знак пратэсту пакінулі лагер («выйшлі») і паклалі пачатак секце Х., якая потым ваявала і з Алі (забіты ў 661) і з Муавіяй. Х. выступалі супраць сунізму і шыізму, за роўнасць усіх мусульман, выбарнасць імама-халіфа ў кожнай абшчыне, за строгае выкананне рэліг. прадпісанняў, вызначаліся асаблівым фанатызмам і нецярпімасцю да інш. поглядаў. У канцы 7 ст. склалася некалькі груповак Х., якія наз. па імёнах іх першых правадыроў — азракіты, ібадыты, суфрыты і інш. У наш час абшчыны Х. (пераважна ібадытаў) існуюць у Амане, дзе іх вучэнне з’яўляецца афіц. ідэалогіяй, Танзаніі, краінах Паўн. Афрыкі.

т. 16, с. 555

ХАРЫЁН (ад грэч. chorion скурка, абалонка, паслед),

варсінчатая абалонка, 1) вонкавая зародкавая абалонка, якая ўтвараецца на ранніх стадыях індывід. развіцця (з гаструляцыі) у птушак, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Служыць для атрымання кіслароду, у млекакормячых для выдалення прадуктаў метабалізму і вуглякіслага газу. У зародкаў млекакормячых жывёл і чалавека адрозніваюць варсінчаты і гладкі Х., што ўзаемадзейнічаюць з асн. капсулярнай абалонкай слізістай маткі; звонку Х. укрыты варсінкамі, якія ўрастаюць у слізістую абалонку маткі і ўтвараюць плодную ч. плацэнты. З надыходам плацэнтацыі Х. набывае рысы структурна-функцыян. арг-цыі, уласцівай пэўнай форме плацэнты. У птушак і рэптылій шчыльна прылягае да шкарлупіны (дае магчымасць абмену паміж яйцом і вонкавым асяроддзем).

2) Другасная яйцавая абалонка зародкаў у беспазваночных і некат. ніжэйшых пазваночных жывёл.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 555

ХАРЫ́ЗМА (грэч. charisma прызванне. божы дар),

1) выключная здольнасць. надзвычайная адоранасць, якія прыпісваюцца пэўнай асобе (харызматычнаму лідэру) яе прыхільнікамі. Харызматычны лідэр (гл. Лідэрства) валодае прывабнасцю і своеасаблівай уладай над людзьмі (у адрозненне ад улады, атрыманай у спадчыну або ад іерархічнага становішча). Усведамленне ім сваіх экстраардынарных якасцей абумоўлівае яго непахісную ўпэўненасць у тым, што менавіта на яго ўскладзена асаблівая місія, якую ён абавязкова павінен выканаць. І.​Кант адмаўляў Х. (чалавечую вялікасць) з пазіцый хрысц. маралі. Г.​Гегель вызначаў харызматычных асоб як «сусветна-гіст. індывідуумаў». Ф.​Ніцшэ лічыў з’яўленне герояў непазбежным і неабходным. М.​Вебер лічыў, што Х. ўласціва вял. палкаводцам, героям, магам, прарокам і прадказальнікам, геніяльным мастакам, выдатным палітыкам, заснавальнікам сусв. рэлігій (Буда, Ісус Хрыстос, Магамет), дзяржаў (Салон, Лікург), вял. заваёўнікам (Аляксандр Македонскі. Цэзар, Напалеон). На аснове аналізу сацыякульт. дынамікі ён прыйшоў да высновы аб паступовым вычарпанні значэння Х. ў выніку рацыяналізацыі гіст. працэсу.

2) Тэалагічны тэрмін для абазначэння 9 асобных дароў Святога Духа, пасланых апосталам у Іерусалімскім храме на свята Сёмухі (мудрасць, веданне духаў, вера, цуды, прароцтва, малітва і да т.п.).

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 555

ХА́РЫК Ізі (Ісак Давыдавіч; 17.3.1898, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі паэт. Чл.-кар. АН Беларусі (1936). Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.​Брусава (1922—26), скончыў Маскоўскі ун-т (1927). У 1928—37 працаваў у час. «Штэрн» («Зорка», Мінск). Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Літ. дзейнасць пачаў у 1920. Пісаў на яўр. (ідыш), бел. і рус. мовах. Тэматыка і пафас яго вершаў і паэм звязаны з рэчаіснасцю 1920—30-х г. Аўтар кн. вершаў «Трапятанне» (1922), паэм «Мінскія балоты» (1924), «Катрынка», «Хлеб» (абедзве 1925), «Адданасць» (1927), «Круглыя тыдні» (1932) і інш. Гіст. паэма «На чужым балі» (1936) пра нар. музыку. У творах выкарыстоўваў бел. фальклор. Перакладаў на яўр. мову з бел. творы Я.​Коласа, М.​Чарота. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.​Александровіч, П.​Броўка, З.​Бядуля, А.​Дудар, А.​Куляшоў, І.​Плаўнік, М.​Танк, М.​Хведаровіч і інш. Некат. яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1958;

Выбранае. Мн., 1969;

Рус. пер. — Стихи и поэмы. М., 1958;

От полюса к полюсу. М., 1971.

т. 16, с. 555

ХА́РЫК Рыгор Ільіч (н. 3.1.1951, Мінск),

бел. артыст аперэты (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1973), Бел. кансерваторыю (1978). У 1978—92 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго мастацтву ўласцівы арганічнае спалучэнне рацыянальнага пачатку з эмацыянальнасцю, сцэн. абаяльнасцю, вострым, часам да гратэскавасці, гумарам. Сярод партый: Якім, Сцяпан («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Юрась («Несцерка» Р.​Суруса), Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Урач («Мільянерка» Я.​Глебава), Майкл Госелін («Джулія» У.​Кандрусевіча), Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), граф Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Хігінс («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Міколка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Вільям Гарысан («Мая жонка — ілгуння» В.​Ільіна і У.​Лукашова), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), Сірано («Сірано» С.​Пажлакова) і інш. З 1992 у ЗША.

В.​Г.​Брылон.

І.Харык.

т. 16, с. 556