Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАПАЛЮ́К Аляксандр Пятровіч (н. 13.3.1925, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у БДУ, з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем (у 1971—91 заг. лабараторыі). Навук. працы ў галіне фіз. оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў асновы сінтэзу танкаслойных пакрыццяў з зададзенымі ўласцівасцямі, атрымаў абагульненыя рашэнні ўраўненняў Максвела, даказаў магчымасць аптычнага ахаладжэння, рэзананснага паглынання святла (з’ява, адваротная лазернаму эфекту).

Тв.:

Электромагнитное поле внутри плоскопараллельного слоя в режиме резонансного поглощения // Докл. АН БССР. 1962. Т. 6. № 5;

Условия оптического охлаждения. Четырехуровневая модель // Оптика и спектроскопия. 1986. Т. 61, вып. 6;

Преобразование лазерного излучения центрированными системами линз // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, № 3.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 16, с. 541

«ХАПА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі (падлозе) чэрцяць круг — «гняздо», абапал яго на адлегласці — 2 паралельныя лініі. Гульцы (10—20 чал.) выбіраюць вядучага і 2 «капітанаў», дзеляцца на пары, якія ў «гняздо» кладуць адзін невял. прадмет (шышку, мячык, хустку. шапку і інш.) і, надаўшы адзін аднаму якія-небудзь імёны, паведамляюць іх «капітанам». «Капітаны» па чарзе выбіраюць сабе гульцоў. Каманды выстройваюцца на процілеглых лініях. Вядучы называе адзін з прадметаў з «гнязда». Гульцы каманды, што паклалі гэты прадмет, бягуць да «гнязда». Хто першы схапіў прадмет, уцякае за сваю лінію. Гулец другой каманды спрабуе яго дагнаць. Калі гэта яму ўдаецца, прадмет вяртаецца ў «гняздо». Выйграе каманда, гульцы якой забяруць большую колькасць прадметаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 16, с. 541

ХАПЁР,

рака на ПнУ еўрап. ч. Расіі, левы прыток р. Дон. Даўж. 979 км, пл. бас. 61,1 тыс. км². Бярэ пачатак на схілах Прыволжскага ўзвышша, цячэ па ўзгорыстай мясцовасці, у шырокай даліне са шматлікімі старыцамі. Асн. прытокі: Бузулук (злева) і Варонеж (справа). Сярэдні расход вады каля 150 м³/с. Ледастаў з ліст.—снеж. да канца сак.—красавіка. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходства на 323 км. У бас. Х. — Хапёрскі запаведнік. На Х. — г. Балашоў, Новахапёрск, Урупінск.

т. 16, с. 541

ХАПЁРСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

У Варонежскай вобл., Расія, у паўд.-ўсх. ч. Окска-Данской раўніны, у даліне р. Хапёр. Засн. ў 1935 для вывучэння і аховы тыповага, эталоннага комплексу поймавай прыроды. Пл. 16,2 тыс. га. Правабярэжная ч. — плато з лагчынамі, ярамі і раўнінная пойма, левабярэжная — слабахвалістая надпоймавая тэраса. Глебы пераважна чарназёмныя. Каля 300 азёр. Лясы займаюць каля 80% тэр., пераважна поймавыя і нагорныя 80—100-гадовыя дубровы, чорнаалешнікі, асіннікі, невял. ўчасткі стэпаў і лугоў. У флоры 1019 відаў раслін, у т. л. 23 дрэвавых, 49 хмызняковых, больш за 700 травяністых, 109 водных (рэлікты — сальвінія плывучая, вадзяны арэх чылім, наяда марская, вольфія бескаранёвая). У фауне 312 відаў пазваночных жывёл, у т. л. 49 млекакормячых (лось, дзік, казуля, воўк, ліс, барсук, акліматызаваны плямісты алень). У Чырв. кнізе — хахуля. Птушак 215 відаў, у Чырв. кнізе — арлан-белахвост, сапсан, скапа і інш.

т. 16, с. 541