Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАГАНІ́ ШЫРВАНІ́ Афзаладдзін Ібрагім Алі аглы (каля 1120, г. Шэмаха, Азербайджан — 1199),

азербайджанскі паэт, мысліцель. Вывучаў тэалогію, астраномію, філасофію, логіку, юрыспрудэнцыю, араб. і перс. мовы. Служыў пры двары шырваншаха Манучэхра II. Вандраваў па краінах Б. Усходу. Развіў і ўдасканаліў жанры газелі і касыды, у якіх услаўляў прыгажосць і розум чалавека. Жыццю народаў Б. Усходу прысвечана адна з лепшых яго паэм «Падарунак двух Іракаў». Твор у многім аўтабіяграфічны, адлюстроўвае некат. сац.-паліт. абставіны эпохі. Аўтар цыкла філас. элегій «Турэмныя», панегірычных касыд.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Баку, 1982.

Літ.:

Рзакулизаде С.Д. Общественно-политические и философские взгляды Хагани Ширвани. Баку, 1962.

т. 16, с. 516

ХА́ГАРД (Haggard) Генры Райдэр (22.6.1856, Брадэнем, Вялікабрытанія — 14.5.1925),

англійскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў. Аўтар прыгодніцкіх і гіст. раманаў «Капальні цара Саламона» (1885, экранізаваны ў 1938), «Клеапатра» (1889, экранізаваны ў 1939 і 1964), «Дачка Мантэсумы» (1893), «Цудоўная Маргарэт» (1907), у якіх прагматызму супрацьпаставіў свет экзотыкі, далёкага мінулага. У позніх творах «Пярсцёнак царыцы Саўскай» (1910), «Дзіця буры» (1913), «Свяшчэнная кветка» (1915) і інш. паэтызаваў «моцную асобу», апраўдваў каланіялізм.

Тв.:

Рус. пер. — Копи царя Соломона;

Прекрасная Маргарет. Мн., 1990;

Клеопатра;

Владычица Зари. М., 1991;

Хозяйка Блосхолма. Мн., 1991;

Бенита: Романы. Мн., 1994;

Дочь Монтесумы. Мн., 1995;

Она;

Ледяные боги;

Аэша. Мн., 1995.

т. 16, с. 516

ХА́ГЕН (Hagen),

горад на З ФРГ, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, на р. Фольме, паблізу яе ўпадзення ў р. Рур. Вядомы з 8 ст. 214 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. с.-г., эл.-тэхн.), металаапр., тэкст., папяровая, мэблевая.

т. 16, с. 516

ХА́ГІНС (Huggins) Чарлз Брэнтан (22.9.1901, г. Галіфакс, Канада — 1997),

амерыканскі хірург і анколаг. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Скончыў Гарвардскі ун-т (1924). У 1936—62 праф. хірургіі Чыкагскага ун-та. У 1951—69 у лабараторыі па даследаванні раку клінікі Бен-Мей (дырэктар). Навук. працы па гармонатэрапіі раку, біяхіміі ферментаў. Нобелеўская прэмія 1966 (з Ф.​Роўсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ч.Б.Хагінс.

т. 16, с. 516