Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАБАНЭ́РА [ісп. habanera ад г. Гавана (La Habana)],

кубінскі нар. танец і песня. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. 2-часткавая кампазіцыя з двух 8-тактавых перыядаў, кожны з якіх паўтараецца двойчы. Паходзіць ад еўрап. кантрданса, завезенага на Кубу ў канцы 18 ст. У 19 ст. распаўсюдзіўся ў Іспаніі. Адзін з прыкладаў танца — мелодыя Х. ў оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ.

т. 16, с. 513

ХА́БАР,

грошы або рэчы, якія перадаюцца службовай асобе як подкуп або аплата злачынных дзеянняў. Гл. ў арт. Хабарніцтва.

т. 16, с. 513

ХАБА́РАЎ Ерафей Паўлавіч (каля 1603, в. Дзмітрыева Валагодскай вобл. — пасля 1671),

расійскі землепраходзец і прамысловец. У 1632—38 даследаваў бас. р. Лена, адкрыў саляныя радовішчы. У 1649—52 кіраваў паходамі атрадаў землепраходцаў у Прыамур’і, склаў карту абследаваных тэрыторый. У гонар Х. названы г. Хабараўск і чыг. ст. Ерафей Паўлавіч.

т. 16, с. 513

ХАБА́РАЎСК,

горад, цэнтр Хабараўскага краю, у Расіі. 604 тыс. ж. (2001). Порт на р. Амур. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (энергет. і ацяпляльнае абсталяванне, рухавікі, судны, станкі, кабель і інш.), нафтаперапр., дрэваапр., лёгкая, харч., хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць буд. матэрыялаў. 8 ін-таў. Тэатры: драм., муз. камедыі, юнага гледача. Філармонія. Музеі: маст. і краязнаўчы.

Засн. ў 1858 як ваен. пост Хабараўка (названы ў гонар рус. землепраходца Е.П.Хабарава). З 1880 горад Хабараўка, адм. цэнтр Прыморскай вобл., з 1884 — Прыамурскага ген.-губернатарства. У 1893 перайменаваны ў Х. У 1897 злучаны чыгункай з Уладзівастокам. У 1902 засн. ваен. з-д «Арсенал». У пач. 20 ст. Х. — буйны гандл. цэнтр Д. Усходу, з 1904 база Амурскай ваен. флатыліі. У 1916 пабудаваны чыг. мост цераз Амур, які злучыў Х. з чыгункай Усх. Сібіры. У складзе Далёкаўсходняй рэспублікі ў ліст. 1922 Х. увайшоў у Рас. Федэрацыю. З 1926 цэнтр Далёкаўсходняга, з 1938 — Хабараўскага краю. У 1940 злучаны чыгункай з г. Камсамольск-на-Амуры.

Панарама Хабараўска.

т. 16, с. 513

ХАБА́РАЎСКІ КРАЙ.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Д. Усходу, у Рас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Утвораны 20.10.1938. Пл. 788,6 тыс. км². Нас. 1486 тыс. чал. (2002), гарадскога 81%. Сярэдняя шчыльн. 1,9 чал. на 1 км², найб. на Пд. Жывуць рускія (86,4%), украінцы (6,2%) народнасці Поўначы (нанайцы, эвенкі, ульчы, ніўхі, эвены — 1,5%). беларусы (1,1%), татары (1%) і інш. Цэнтр — г. Хабараўск. Найб. гарады: Камсамольск-на-Амуры, Амурск, Нікалаеўск-на-Амуры. Савецкая Гавань.

Прырода. Марское ўзбярэжжа парэзана слаба, толькі на ПдЗ Ахоцкага м. Удская губа, залівы Тугурскі, Акадэміі. Сахалінскі. Каля 3/4 тэр. займаюць горы і пласкагор’і (выш. 500—2500 м). На ПдЗ хрыбты Турана, Бурэінскі. Баджальскі, на ПдУ горная сістэма Сіхатэ-Алінь (выш. да 2077 м), у цэнтр. частцы хрыбты Джагды, Селемджынскі. Станавы. на Пн хр. Сунтар-Хаята (выш. да 2933 м), уздоўж узбярэжжа Ахоцкага м. хрыбты Прыбярэжны, Ульінскі, Джугджур, на ПнЗ Юдама-Майскае нагор’е. Нізіны: Ніжне- і Сярэднеамурская, Эварон-Тугурская, Ахоцкая. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, нафта і газ, руды комплексныя алавяныя (змяшчаюць медзь, серабро, вальфрам, вісмут), тытанавыя, берыліевыя, цырконіевыя, жал., марганцавыя. золата, серабро, плаціна, апатыты, фасфарыты, цэаліты, самацветы (агат. яшма, халцэдон). Крыніцы тэрмальных і мінер. вод. Клімат мусонны з халоднай зімой і вільготным цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. ва ўнутр. раёнах ад -22 °C на Пд да -40 °C на Пн, на ўзбярэжжы ад -18 °C да -24 °C; ліп. ад 15 °C на Пн да 20 °C на Пд. Ападкаў за год 400—600 мм на Пн, 600—800 мм на Пд, больш за 1000 мм на ўсх. схілах Сіхатэ-Аліня. На Пн пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рака Амур (у межах краю больш за 1 тыс. км) з прытокамі Бурэя, Кур, Амгунь, Усуры, Тунгуска, Анюй; да бас. Японскага м. належаць Тумнін, Копі; да бас. Ахоцкага м. — Тугур, Таром, Уда, Улья, Урак, Ахота, Іня; да бас. р. Лена — Мая, Учур. Каля 55 тыс. азёр (найб. Болань, Чукчагірскае, Удыль). Глебы дзярнова-падзолістыя. на раўнінах лугава-балотныя, балотныя, на Пд — бура-таежныя, на Пн — горна-таежныя і горна-тундравыя. Пад лесам 78,8% тэр. Пераважаюць хвойныя лясы: на Пн, ПнЗ і У светлахвойныя (даурская лістоўніца) і цемнахвойныя (аянская елка і белакорая піхта), на Пд і Сярэднеамурскай нізіне — мяшаныя кедрава-шыракалістыя (карэйскі кедр, маньчжурскі ясень і арэх, клёны, мангольскі дуб, амурскі аксаміт). Шмат ліян (амурскі вінаград, лімоннік), унікальных лекавых раслін (жэньшэнь, элеўтэракок, аралія, заманіха). Жывёльны свет разнастайны. У хвойных лясах водзяцца лось, ізюбр, дзік, казуля, кабарга, собаль, каланок і інш., на крайняй Пн — паўн. алень, гарнастай, расамаха, на Пд і ПдУ — рысь, чорны (гімалайскі) мядзведзь, усурыйскі тыгр, амер. норка. Шмат птушак. У рэках і азёрах больш за 100 відаў рыб, у т. л. асятровыя. Моры багатыя рыбай і морапрадуктамі. Прамысл. значэнне маюць селядзец, ласасёвыя, навага, камбала, палтус, мінтай, крабы, кальмары, трэпангі, малюскі, водарасці. Запаведнікі: Бурэінскі, Ботчынскі, Вялікахехцырскі, Джугджурскі, Камсамольскі.

Гаспадарка. Х.к. — важны індустр. рэгіён Д. Усходу Расіі. У валавым рэгіянальным прадукце на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 36%, сельскай гаспадаркі — 5%. Гал. галіна — машынабудаванне і металаапрацоўка (47,8% кошту прамысл. прадукцыі, 2001) выпускае дызельныя рухавікі, кабель, самалёты, марскія судны, маставыя краны, станкі, акумулятары, радыятары, тэлевізары; асн. цэнтры Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры. Паліўная прам-сць (5%) прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай нафты (6,6 млн. т, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры), здабычай вугалю (2,3 млн. т, Бурэінскі вугальны бас.). Вытв-сць электраэнергіі 7,5 млрд. кВт∙гадз (2001). Каляровая металургія (8,6%) спецыялізуецца на здабычы і абагачэнні золата, волава, медзі і інш. Чорная металургія (вытв-сць сталі 218 тыс. т, пракату 209 тыс. т) у Камсамольску-на-Амуры. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць дзелавой драўніны 6,6 млн. м³, піламатэрыялаў 0,3 млн. м³, мэблі, кардону, паперы ў Хабараўску, Камсамольску-на-Амуры, Амурску, Бікіне, Вяземскім. Хім. (вытв-сць сернай к-ты, мыйных сродкаў і інш.) і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Ахоцку, Хабараўску. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. З галін харч. прам-сці (11%) вылучаецца рыбная (улоў рыбы і здабыча морапрадуктаў 180 тыс. т, выпуск харч. прадукцыі 115 тыс. т); асн. цэнтры Савецкая Гавань, Ахоцк, Нікалаеўск-на-Амуры. Развіты мукамольная, малочнамясная, алейная галіны. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, кукуруза), тэхн. (соя) культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пл. с.-г. угоддзяў (тыс. га) 695,5, у т. л. пад ворывам — 131,7, сенажацямі — 410,3, пашай — 124,7, шматгадовымі насаджэннямі — 24,3 і інш. — 4,5. Больш за 20 млн. га пад пашай для паўн. аленяў. Асн. ворныя землі на Пд. Збор (тыс. т, 2000): збожжа — 24,1, бульбы — 323,6, агародніны — 137,5, соі — 7. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 66,5, свіней — 71,8, авечак і коз —6,5. Птушкагадоўля. Прамысл. паляванне (собаль, вавёрка) і зверагадоўля (норка). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2307 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4492 км. Гал. чыгункі — ч. Транссібірскай і Байкала-Амурскай магістралей. Аўтадарогі з Хабараўска на Бірабіджан, Уладзівасток, Камсамольск-на-Амуры. Суднаходства па р. Амур і яе прытоках Тунгуска, Усуры, Амгунь. Буйныя рачныя парты: Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры. Паромная пераправа Ваніна—Холмск (Сахалінская вобл.). Марскія парты: Ваніна, Нікалаеўск-на-Амуры, Ахоцк. Буйны аэрапорт Хабараўск. Нафтаправод Аха (Сахалінская вобл.) — Камсамольск-на-Амуры. Курорт Анінскія Мінер. Воды, Кульдур.

Г.С.Смалякоў.

т. 16, с. 514

ХАБА́РАЎСКІ ПРАЦЭ́С,

суд над групай ваеннаслужачых яп. арміі, якія абвінавачваліся ў падрыхтоўцы (з 1931) і выкарыстанні бактэрыяльнай зброі, што забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925 (гл. Жэнеўскія пратаколы). Праходзіў у г. Хабараўск 25—30.12.1949. Да суда былі прыцягнуты вышэйшыя чыны яп. Квантунскай арміі (12 чал.). Ваен. трыбунал Прыморскай ваен. акругі ў ходзе адкрытых судовых пасяджэнняў устанавіў, што пры распрацоўцы ваен. планаў яп. кіраўніцтва прадугледжвала масавае знішчэнне войск і насельніцтва СССР і інш. дзяржаў. З гэтай мэтай былі створаны лабараторыі для вытв-сці біял. зброі і каманды для яе выкарыстання — заражэння людзей, жывёлы, пасеваў, вадаёмаў. Бактэрыял. зброя (бактэрыі чумы, сіб. язвы, сапу і інш.) выкарыстоўваліся супраць сав. і манг. войск у час баёў на р. Халхін-Гол у 1939 і ў вайне супраць Кітая (1940—42). У адносінах да ўсіх падсудных абвінавачванне даказана, і яны засуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Рагинский М.Ю. Милитаристы на скамье подсудимых: По материалам Токийского и Хабаровского процессов. М., 1985.

т. 16, с. 514

ХА́БАРНІЦТВА,

атрыманне службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцей ці матэрыяльных даброт за ажыццяўленне (або неажыццяўленне) у інтарэсах хабарадавальніка дзеянняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю службовай асобы. КК Рэспублікі Беларусь устанаўлівае адказнасць за атрыманне і дачу хабару і за пасрэдніцтва ў Х. Меры пакарання за Х.: арышт, абмежаванне свабоды на пэўныя тэрміны або пазбаўленне волі да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю (для хабарніка); штраф, папраўчыя работы, арышт або абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці пазбаўленне волі да 3 гадоў (для хабарадавальніка). Абцяжваючымі акалічнасцямі для адказнасці хабарніка з’яўляюцца паўторнасць яго дзеянняў, вымаганне хабару, буйны памер хабару, ранейшая судзімасць за Х., адказнае становішча хабарніка і інш. (пазбаўленне волі можа быць павялічана да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці). Паўторнасць дачы хабару, ранейшая судзімасць за Х. узмацняюць адказнасць і хабарадавальніка (пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці). Пасрэдніцтва ў Х. караецца штрафам, арыштам. абмежаваннем свабоды, а пры абцяжваючых акалічнасцях — пазбаўленнем волі ад 3 да 7 гадоў.

Э.​Л.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 515

ХАБАТО́К,

1) сысучы або колюча-сысучы ротавы орган — відазмененыя верхнія і ніжнія губы і сківіцы ў членістаногіх (напр., клапоў, матылёў).

2) Пярэдняя звужаная ч. цела, а таксама рухомая мышачная трубка для захоплівання здабычы ў беспазваночных.

3) Трубкападобныя органы прымацавання з кручкамі ў паразітычных чарвей.

т. 16, с. 515

ХА́БЕАС КО́РПУС АКТ (Habeas Corpus Act),

адзін з асн. канстытуцыйных актаў Вялікабрытаніі. Прыняты ў 1679. Назва ад лац. формулы Habeas C. ad subjiciendum — пачатковыя радкі загаду суда аб дастаўцы арыштаванага. Гарантуе недатыкальнасць асобы, вызначае Працэсуальныя правы грамадзян, правілы арышту і прыцягнення абвінавачаных да суда.

т. 16, с. 515

ХА́БЕРЛАНД (Haberland) Крыстаф (хрышчаны 17.1.1750, Рыга — 19.3.1803),

латышскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Берліне і Дрэздэне (1770—76). Сярод твораў: у Рызе — чатырохвугольная плошча з царквой Пятра і Паўла ў ансамблі цытадэлі (1780—86, з С.​Зеге), дамы Голендэра (1787), Крузе (1788) і інш., перабудова б. гар. б-кі ў Домскім манастыры (1778—87); цэрквы Яня ў Валку (1785), у Катлакалне пад Рыгай (1791—92).

т. 16, с. 515