Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАШЫМІ́Н (Ho-Chi-Minh),

горад на Пд В’етнама, на р. Сайгон, за 80 км ад упадзення яе ў Паўд.-Кітайскае мора. Засн. ў 1778. Да 1976 наз. Сайгон, Saigon, 3,6 млн. ж. (1996). Разам з прыгарадамі складае асобную адм. адзінку. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорты Таншаннют і Б’енхаа. Марскі порт на р. Сайгон. Гал. прамысл. цэнтр В’етнама. Прам-сць: лёгкая, харч., піваварная, дрэваапр., хім. (у т. л. каўчук), машына- і суднабуд., металаапр., цэментавая; зборачныя (эл.-тэхн., радыёэлектронныя) прадпрыемствы. Маст. рамёствы. Цэнтр рыбалоўства. Ун-т. Музеі. Рэгулярная планіроўка, каналы. Будысцкія пагады Салой і Вінь-Нгіем і інш. арх. помнікі 18 ст.

Першапачаткова на месцы Х. было паселішча кхмераў. У 1675 гэту тэр. захапілі в’етнамцы і засн. ў 1778 г. Сайгон. У час вайны з В’етнамам горад спалены франц. войскамі, у 1860 адбудаваны як франц. крэпасць. З 1867 адм. цэнтр франц. калоніі Кахінхіна (паўд. вобласці В’етнама), еўрапеізаваны і стаў хутка развівацца. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. 25.8.1945 у Сайгоне перамагла Жнівеньская рэвалюцыя 1945, у выніку якой скінута ўлада японцаў. У вер. 1945 заняты англа-франц. дэсантам. У 1954—75 тут знаходзілася рэзідэнцыя паўд.-в’етн. ўрада. 30.4.1974 Сайгон вызвалены ўзбр. сіламі Часовага рэв. ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам. З 1976 у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, перайменаваны ў Х. у гонар Хо Шы Міна.

Хашымін. Панарама горада.

т. 16, с. 567

ХАШЫМІ́ТЫ (ад імя легендарнага Хашыма, сына родапачынальніка племя курэйш, да якога належаў Мухамед),

дынастыя правіцеляў у некат. дзяржавах Араб. Усходу. Заснавальнік дынастыі шэрыф Меккі Хусейн ібн Алі аль-Хашымі, у 1916 абвешчаны каралём Хіджаза. Х. ў Хіджазе: Хусейн ібн Алі [1916—24], Алі ібн Хусейн [1924—25]; у Сірыі: Фейсал ібн Хусейн [1920]; у Іраку: Фейсал ібн Хусейн, Фейсал I [1921—23], Газі ібн Фейсал [1933—39], Фейсал ібн Газі, Фейсал II [1939—58]; у Іарданіі: Абдалах ібн Хусейн [1921—46 эмір, 1946—51 кароль], Талал ібн Абдалах [1951—52], Хусейн бен Талал [1952—99], Абдалах II [з 1999].

т. 16, с. 568

ХАШЭМІ́-РАФСАНДЖАНІ́ Алі Акбар (н. 1934, г. Рэфсенджан, Іран),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірана. Атрымаў ісламскую духоўную адукацыю ў г. Кум (Іран), мае духоўны тытул хаджат-уль-іслама. У 1960—70-я гг. удзельнік руху іранскага духавенства супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, іранскай рэвалюцыі 1978—79. У 1980—89 старшыня іранскага парламента (меджліса). у 1989—97 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран. Ініцыіраваў шэраг ліберальных рэформ, звязаных з павелічэннем ролі прыватнага сектара ў эканоміцы.

т. 16, с. 568