Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЙБЕ́РСКІ ПРАХО́Д,

горны праход у хр. Сафедкох (горы Парапаміз) на Пд ад цясніны р. Кабул, каля мяжы паміж Афганістанам і Пакістанам. Даўж. 53 км, шыр. 15—130 м. Выш. да 1030 м. Праз Х.п. праходзяць чыгунка (на тэр. Пакістана) і на розных узроўнях шаша і караванная дарога Пешавар—Кабул.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

княства ў Індыі ў 18—20 ст. Узнікла ў 1724, калі мясц. намеснік Вялікіх Маголаў абвясціў сябе незалежным правіцелем (нізамам). У 1798 нізам Х. падпісаў дагавор з англ. Ост-Індскай кампаніяй, паводле якога прызнаў сябе васалам кампаніі (з 1858 — брыт. кароны). Найбуйнейшае васальнае княства ў складзе Брыт. імперыі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі правіцель-мусульманін працівіўся далучэнню Х. да Індыі, але пад націскам індуісцкай большасці вымушаны быў гэта зрабіць. У 1950—56 аднайм. штат Індыі. У 1956 скасаваны, яго тэр. падзелена паміж штатамі Андхра-Прадэш, Майсур і Бамбей.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

горад у Індыі, пры зліцці рэк Мусі і Усі. Адм. ц. штата Андхра-Прадэш. 6,65 млн. ж. (2000). Важны эканам., гіст. і культ. цэнтр Паўд. Індыі. Прам-сць: лёгкая, харч., хім.-фармацэўтычная, тытунёвая, папяровая, шкляная; трансп., энергет., эл.-тэхн. машынабудаванне, вытв-сць авіяц. абсталявання, авіяц. з-д. Саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў, тканін. Асманскі ун-т. Цэнтральнае геафіз. ўпраўленне.

Горад Хайдарабад (Індыя). Статуя Буды на воз. Хусейн-Сагар.

Засн. пасля 1589 як сталіца інд. дзяржавы Галконда. З 1724 сталіца аднайм. княства і рэзідэнцыя нізамаў, потым адм. ц. штата Хайдарабад, з 1956 — штата Андхра-Прадэш.

т. 16, с. 521

ХАЙДАРАБА́Д,

горад на ПнУ Пакістана, на р. Інд. 1,6 млн. ж. (1981, з прыгарадамі). Трансп. вузел, рачны порт. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, шкляная, тытунёвая; с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне, металаапрацоўка. Саматужныя рамёствы (ткацкае, ювелірнае, ганчарнае). Сіндхскі ун-т.

т. 16, с. 521

ХАЙДА́Р АЛІ́ (1722—7.12.1782),

правіцель паўд.-інд. дзяржавы Майсур. Быў камандзірам ваен. атрада на службе раджы Майсура, у 1758—60 адхіліў раджу ад рэальнай улады і стаў фактычным правіцелем дзяржавы. Рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю. У войнах 1761—64 значна павялічыў тэр. Майсура і зрабіў яго адной з наймацнейшых дзяржаў Індыі. У 1767—69 вёў вайну з англ. Ост-Індскай кампаніяй (гл. Англа-майсурскія войны). У 1770-я г. ваяваў з Маратхскімі княствамі і Хайдарабадам за гегемонію ў Паўд. Індыі. Памёр у час 2-й англа-майсурскай вайны 1780—84.

т. 16, с. 521

ХА́ЙДЭГЕР, Гайдэгер (Heidegger) Марцін (26.9.1889, г. Мескірх, Германія — 26.5.1976), нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў нямецкага экзістэнцыялізму. Вучыўся ў Фрайбургскім ун-це ў Г.Рыкерта. З 1916 асістэнт Э.Гусерля. З 1923 праф. Марбургскага, у 1928—51 Фрайбургскага (у 1933—34 рэктар) ун-таў. Светапогляд Х. фарміраваўся пад уплывам фенаменалогіі Гусерля і М.​Шэлера, філасофіі жыцця В.Дзільтэя, дыялектычнай тэалогіі. У сваёй асн. працы «Быццё і час» (1927) распрацаваў новае вучэнне аб быцці, якое ён назваў «фундаментальнай анталогіяй». Паводле Х., анталагічную аснову чалавечага існавання (Dasein) складае яго канечнасць, часовасць. Апрыёрнымі формамі такога існавання («экзістэнцыяналамі») ён лічыў трывогу, неспакой, страх, часовасць, «закінутасць у свет», адкрытасць і да т.п. Адрозніваў сумеснае быццё («быццё-ў-свеце») як здольнасць індывіда ўступаць у зносіны з інш. людзьмі і «самабыццё». Лічыў, што ў «быцці-ў-свеце» ёсць небяспека для чалавека згубіцца ў свеце рэчаў, інш. людзей і дэградзіраваць да абязлічання; з гэтага стану яго можа вывесці страх. Пазней Х. разглядаў быццё як «быццё-ў-магчымасці», у творчай рэалізацыі асобы, у т. л. шляхам апрадмечвання сваіх думак у стварэнні тэхнікі («Час карціны свету», 1949). Каб зразумець сэнс быцця, чалавек, на яго думку, павінен вызваліцца ад «ідалаў грамадскага быцця» і ўсвядоміць сваю смяротнасць. Разглядаючы мову як «дом быцця», сапраўднае сканцэнтраванне культуры, Х. распрацоўваў ідэі «спекулятыўнай філасофіі» з мэтай праяснення «ісцін быцця» (найперш у творах паэтаў-рамантыкаў і сімвалістаў).

Тв.:

Рус. пер. — Работы и размышления разных лет. М., 1993;

Кант и проблема метафизики. М., 1997;

Тождество и различие. М., 1997;

Введение в метафизику. СПб., 1998;

Основные проблемы феноменологии. СПб., 2001;

Мартин Хайдеггер / Карл Ясперс: Переписка 1920—1963. М., 2001;

Бытие и время. 2 изд. СПб., 2002.

Літ.:

Михайлов И.А. Ранний Хайдеггер. М., 1999;

Мартин Хайдеггер и философия XX в. Мн., 1997;

Бимель В. Мартин Хайдеггер...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Ставцев С.Н. Введение в философию Хайдеггера. СПб., 2000;

Сафрански Р. Хайдеггер: Германский мастер и его время: Пер. с нем. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

М.Хайдэгер.

т. 16, с. 521

ХА́ЙДЭН (Heiden) Эрык Артур (н. 14.6.1958, г. Мадысан, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скорасны бег на каньках). Абс. чэмпіён XIII зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША; алімп. рэкардсмен на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м). Чэмпіён свету (1977—80), рэкардсмен свету (1980) на дыстанцыі 10 000 м. Чэмпіён свету па спрынтэрскім мнагабор’і (1977—79). Пасля Алімпіяды (1980) пакінуў спарт. выступленні.

т. 16, с. 522

ХА́ЙКІН Барыс Эмануілавіч (26.10.1904, Мінск — 10.5.1978),

расійскі дырыжор, педагог. Брат С.Э.Хайкіна. Нар. арт. СССР (1972). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928). З 1928 дырыжор, гал. дырыжор Опернага т-ра імя К.​Станіслаўскага, з 1936 маст. кіраўнік і гал. дырыжор ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета і т-ра оперы і балета імя С.​М.​Кірава, з 1954 дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. З 1935 праф. Ленінградскай, з 1954 — Маскоўскай кансерваторый. Яго мастацтву ўласцівы высокая культура, тэмперамент, вытанчаная апрацоўка дэталей партытуры. Паставіў оперы: «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1939, 1949), «Іаланта» (1943), «Арлеанская дзева» (1945) П.​Чайкоўскага, «Дуэння» С.​Пракоф’ева (1946), «Сям’я Тараса» Дз.​Кабалеўскага (1950), «Лятучы галандзец» Р.​Вагнера (1963) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946 (двойчы), 1951.

Тв.:

Беседы о дирижерском мастерстве: Статьи. М., 1984.

т. 16, с. 522

ХА́ЙКІН Сямён Эмануілавіч (21.8.1901, Мінск — 30.7.1968),

расійскі фізік і радыёастраном; заснавальнік эксперым. радыёастраноміі ў СССР. Брат Б.Э.Хайкіна. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1928), дзе і працаваў у 1930—47 (у 1934—37 дэкан ф-та). З 1945 у Фіз. ін-це АН СССР (заг. лабараторыі). З 1953 кіраўнік аддзела радыёастраноміі ў Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (г. Пулкава). Навук. працы па нелінейнай тэорыі ваганняў. тэорыі вязкасці і трэння, радыётэхніцы, радыёфізіцы, радыёастраноміі. Упершыню назіраў поўнае сонечнае зацьменне ў радыёдыяпазоне, разам з інш. адкрыў радыёвыпрамяненне сонечнай кароны (1947; зарэгістравана як адкрыццё ў 1970). Вынайшаў і пабудаваў новы тып радыётэлескопа (з антэнай пераменнага профілю, 1956). Кіраваў стварэннем першай у СССР радыёастр. станцыі (1948—49, Крым), праектаваннем радыётэлескопа РАТАН-600. Залаты медаль імя А.​С.​Папова АН СССР (1965).

Тв.:

Электромагнитные колебания и волны. 2 изд. М.; Л., 1964;

Силы инерции и невесомость. М., 1967;

Физические основы механики. 2 изд. М., 1971;

Теория колебаний. 2 изд. М., 1981 (разам з А.​А.​Андронавым. А.​А.​Вітам).

Літ.:

С.​Э.​Хайкин // Успехи физ. наук. 1969. Т. 97, вып. 2;

Кайдановский Н.Л. Профессор С.​Э.​Хайкин. 1901—1968. СПб., 1995.

М.​М.​Касцюковіч.

С.Э.Хайкін.

т. 16, с. 522

ХАЙКО́Ў,

горад у Кітаі. Адм. ц, правінцыі Хайнань. 291 тыс. ж. (1990). Порт на ПнУ в-ва Хайнань і яго эканам. цэнтр, вузел шашэйных дарог. Прам-сць: машына-, у т. л. суднабудаванне, хім. і гумавыя вырабы, тэкст., харч. (чай, цукар, какосавы алей, кансервы); вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 16, с. 522