ХА́ЙДЭГЕР, Гайдэгер (Heidegger) Марцін (26.9.1889, г. Мескірх, Германія — 26.5.1976), нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў нямецкага экзістэнцыялізму. Вучыўся ў Фрайбургскім ун-це ў Г.Рыкерта. З 1916 асістэнт Э.Гусерля. З 1923 праф. Марбургскага, у 1928—51 Фрайбургскага (у 1933—34 рэктар) ун-таў. Светапогляд Х. фарміраваўся пад уплывам фенаменалогіі Гусерля і М.Шэлера, філасофіі жыцця В.Дзільтэя, дыялектычнай тэалогіі. У сваёй асн. працы «Быццё і час» (1927) распрацаваў новае вучэнне аб быцці, якое ён назваў «фундаментальнай анталогіяй». Паводле Х., анталагічную аснову чалавечага існавання (Dasein) складае яго канечнасць, часовасць. Апрыёрнымі формамі такога існавання («экзістэнцыяналамі») ён лічыў трывогу, неспакой, страх, часовасць, «закінутасць у свет», адкрытасць і да т.п. Адрозніваў сумеснае быццё («быццё-ў-свеце») як здольнасць індывіда ўступаць у зносіны з інш. людзьмі і «самабыццё». Лічыў, што ў «быцці-ў-свеце» ёсць небяспека для чалавека згубіцца ў свеце рэчаў, інш. людзей і дэградзіраваць да абязлічання; з гэтага стану яго можа вывесці страх. Пазней Х. разглядаў быццё як «быццё-ў-магчымасці», у творчай рэалізацыі асобы, у т. л. шляхам апрадмечвання сваіх думак у стварэнні тэхнікі («Час карціны свету», 1949). Каб зразумець сэнс быцця, чалавек, на яго думку, павінен вызваліцца ад «ідалаў грамадскага быцця» і ўсвядоміць сваю смяротнасць. Разглядаючы мову як «дом быцця», сапраўднае сканцэнтраванне культуры, Х. распрацоўваў ідэі «спекулятыўнай філасофіі» з мэтай праяснення «ісцін быцця» (найперш у творах паэтаў-рамантыкаў і сімвалістаў).
Тв.:
Рус.пер. — Работы и размышления разных лет. М., 1993;
Кант и проблема метафизики. М., 1997;
Тождество и различие. М., 1997;
Введение в метафизику. СПб., 1998;
Основные проблемы феноменологии. СПб., 2001;
Мартин Хайдеггер / Карл Ясперс: Переписка 1920—1963. М., 2001;
Бытие и время. 2 изд. СПб., 2002.
Літ.:
Михайлов И.А. Ранний Хайдеггер. М., 1999;
Мартин Хайдеггер и философия XX в. Мн., 1997;
Бимель В. Мартин Хайдеггер...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;
Ставцев С.Н. Введение в философию Хайдеггера. СПб., 2000;
Сафрански Р. Хайдеггер: Германский мастер и его время: Пер. с нем. М., 2002.