ХАВА́НСКІЯ,
расійскі княжацкі род у 15—19 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя дзярж. і ваен. пасады. Паходзяць ад кн. Нарымонта (1294—1348), 2-га сына вял. кн. ВКЛ Гедзіміна. Сын Нарымонта Патрыкей у 1408 перайшоў на службу да Маскоўскага вял. князя Васілія I. Унук Патрыкея Васіль Фёдаравіч па празванні Хаванскі — непасрэдны родапачынальнік Х., з якіх найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч Х. (?—1621), у час «Смуты» з 1607 актыўны ўдзельнік ваен. дзеянняў супраць Ілжэдзмітрыя II, ад прыхільнікаў якога ў 1609 вызваліў гарады Ржэў і Старыца; адзін з кіраўнікоў народнага апалчэння 1612; ваявода ў Яраслаўлі (1613—14) і Ноўгарадзе (1617—19); Іван Мікітавіч Х. (? — каля 1671), баярын, ваявода; кіраваў задушэннем Наўгародскага і Пскоўскага паўстанняў 1650, у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнік узяцця Смаленска (1654) і потым ваявода ў ім; Іван Андрэевіч Х. (мянушка Таратуй — пустамеля; ?—1682). баярын, ваявода; у вайну 1654—67 і рус.-швед. вайну 1654—57 ваявода ў Магілёве (з 1656) і Пскове (1657—61); у 1657 разбіў каля г. Гдоў швед. войска; у 1659—60 узначаліў рэйд царскіх войск па Беларусі, які суправаджаўся вял. спусташэннямі і забойствамі мірных жыхароў; у снеж. 1659 захапіў г. Гродна, у студз. 1660 — Брэст, пазней неаднаразова разбіты войскамі Рэчы Паспалітай; кіраваў падаўленнем Маскоўскага паўстання 1662; кіраўнік Маскоўскага паўстання 1682, т.зв. «Хаваншчыны», у час якога ўзначальваў Стралецкі прыказ; пакараны смерцю; Аляксандр Мікалаевіч Х. (1771—1857), сенатар, кіраўнік Дзярж. асігнацыйнага банка і экспедыцыі нарыхтоўкі каштоўных папер (з 1818); Мікалай Мікалаевіч Х. (1777—1837), ген. ад інфантэрыі, сенатар. чл. Дзярж. савета (з 1836); у 1823—37 бел. генерал-губернатар.
М.Г.Нікіцін.
т. 16, с. 515
«ХАВА́НШЧЫНА»,
пашыраная ў л-ры назва Маскоўскага паўстання 1682, ад прозвішча кіраўніка стралецкага руху кн. І.А.Хаванскага.
т. 16, с. 516