Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАДАВА́Я ЧА́СТКА транспартнай машыны,

сукупнасць элементаў шасі, што ўтвараюць цялежку машыны, якая забяспечвае яе перамяшчэнне. Напр., Х.ч. аўтамабіля ўключае раму, масты, колы з шынамі і падвеску (злучае колы з рамай ці нясучым кузавам). На цялежку Х.ч. змяшчаюць кузаў, кабіну і інш. вузлы.

т. 16, с. 516

ХАДАВЕ́ЦКІ (Chodowiecki) Даніэль Нікалаус (16.10.1726, г. Гданьск, Польшча — 7.2.1801),

нямецкі графік і жывапісец; адзін з вядучых майстроў ням. асветніцкага рэалізму. З 1743 вучыўся і працаваў у Берліне. З 1790 віцэ-дырэктар, з 1797 дырэктар Берлінскай АМ. У творах перадаваў побыт бюргераў («Таварыства ў берлінскім Тыргартэне»), сцэны з жыцця рамеснікаў («У столяра», «У краўца», «У кнігадрукара»; усе каля 1790), стварыў жывапісныя і графічныя партрэты («Аўтапартрэт з сям’ёй», 1771). Аўтар шматлікіх (каля 2 тыс.) ілюстрацый да твораў І.​Гётэ, Г.​Лесінга, Ж.​Ж.​Русо і інш., выкананых у тэхніцы мініяцюрна-тонкага афорта.

Літ.:

Bauer J.-H. D.N. Chodowiecki. Hannover, 1982.

т. 16, с. 516

ХАДА́ЙНІЦТВА,

1) афіцыйная просьба або прадстаўленне, накіраванае дзярж. органам або грамадскім арг-цыям вышэйшай інстанцыі.

2) Афіц. просьба пра выкананне працэсуальных дзеянняў або прыняцце рашэння, накіраваная органу дазнання, следчаму, пракурору, суддзі або суду. Права на заяву Х. даецца пэўным удзельнікам працэсу, а таксама ўпаўнаважаным органам дзярж. кіравання, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый. Х. аб апратэставанні прыгавораў і інш. суд. пастаноў, якія набылі законную сілу, могуць быць пададзены любой асобай, установай або арг-цыяй.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 516

ХАДАНО́ВІЧ Ігар Піліпавіч (10.6.1940, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 9.1.1966),

бел. пісьменнік.

Скончыў БДУ (1962). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», у Мінскім абкоме ЛКСМБ, з 1964 у газ. «Літаратура і мастацтва». Аўтар зб. апавяданняў, нарысаў і нататак «За акном дождж» (1967), у якіх паказаў вясковае жыццё, побыт і духоўны свет чалавека працы. Творы яго вызначаюцца эмац. напружаннем, тонкімі назіраннямі і псіхал. матывіроўкамі, дакладнай, трапнай мовай.

т. 16, с. 516

ХАДАНО́ВІЧ Леў Сяргеевіч (н. 15.11.1923, в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 падрыўнік 1-й Гомельскай партыз. брыгады, з 1943 на Бел., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра ўзвода разведкі ст. сяржант Х. вызначыўся ў 1944 у час аперацыі «Баграціён» і ў 1945 у баях на тэр. Польшчы. Пасля вайны да 1983 у рачным флоце Беларусі.

т. 16, с. 516

ХАДАРО́ВІЧ Павел Аляксеевіч (16.7.1889, С.-Пецярбург — 18.8.1949),

савецкі геадэзіст. Праф. (1919), д-р тэхн. н. (1938), Скончыў Маск. межавы ін-т (1916) і фіз.-матэм. ф-т 1-га Маск. ун-та (1919), У 1919—30 праф. геадэзіі Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. с.-г. акадэмія), з 1930 праф. і заг. кафедры вышэйшай геадэзіі Сібірскага с.-г. ін-та. Вёў н.-д. работу па стварэнні трыганаметрычнай сеткі, нівелірных рэпераў астр. пунктаў. Працы па выяўленні сапраўднага мерыдыяна і азімута, распрацоўцы спосабаў найменшых квадратаў канструкцыі геад. і астр. інструментаў.

Тв.:

Краткая теория ошибок в применении к землемерной практике. Горки, 1923;

Материалы по тригонометрической сети Б.Г. Академии С.Х. и сводка данных геометрического нивелирования. Горки. 1927.

т. 16, с. 516

ХАДАРО́ВІЧ Уладзімір Паўлавіч (н, 27.8.1947, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе пераважна ў жанры нацюрморта. Яго творы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, нац. характарам і каларытам, пабудаваным на згарманізаваных колеравых адценнях з перавагай серабрыстага, часам залацістага «Хлеб», «Лён» (абодва 1987), «Народная скульптура», «Вясковы нацюрморт» (абодва 1988), «Травы майго дзяцінства» (1989), «Нацюрморт з яблыкамі», «На Каляды», «Слыннаму беларускаму вестуну прысвячаю», «Памяці Францыска Скарыны» (усе 1990), «Нацюрморт з сотамі» (1991), «Бацькава скрыпка» (1998). «Лета», «Старадрукі» (абодва 2000), «Нацюрморт з клубніцамі і шыпшынай» (2001), «Вясна. Вясковы нацюрморт» (2003).

І.​Л.​Чэбан.

У.Хадаровіч. Бацькава скрыпка. 1998.

т. 16, с. 516

ХАДАСЕ́ВІЧ Уладзіслаў Феліцыянавіч (28.5.1886, Масква — 14.6.1939),

рускі паэт, крытык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1922 у эміграцыі (з 1925 у Парыжы). Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Маладосць» (1908). Яго лірыка (зб-кі «Шчаслівы домік». 1914; «Шляхам зерня», 1920; «Цяжкая ліра», 1922; цыкл «Еўрапейская ноч», 1927) спалучае традыцыі рус. класічнай паэзіі, арыентацыю на пушкінскую глыбіню, гарманічнасць і светаадчуванне чалавека 20 ст., які перажывае яго катаклізмы. У мемуарах «Некропаль» (1939) літ. партрэты сучаснікаў у кантэксце гісторыі рус. л-ры пач. 20 ст. Аўтар біяграфіі Г.​Дзяржавіна (1931), зб. арт. «Пра Пушкіна» (1937), літ.-крытычных арт., перакладаў.

Тв.:

Державин. М., 1988;

Стихотворения. Л., 1989.

т. 16, с. 517

ХАДАСЕ́ВІЧ Эра Васілеўна (н. 30.8.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фотабіялогіі. Д-р біял. н. (1983). Скончыла БДУ (1952). З 1952 у Ін-це эксперым. батанікі. з 1967 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі (у 1973—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах метабалізму хларафілу і стане пластыд у вечназялёных раслін, фітахромнай фотарэгуляцыі біягенезу і функцыянавання пігментных сістэм раслін.

Тв.:

Биохимия и биофизика фотосинтеза. М., 1965 (у сааўт.);

Биосинтез и состояние хлорофиллов в растении. Мн., 1975 (у сааўт.);

Фотосинтетический аппарат хвойных: (Онтогенетич. аспект). Мн., 1982.

С.​С.​Мельнікаў.

т. 16, с. 517

ХАДАСЕ́ВІЧ-ЛЕЖЭ́ Надзея Пятроўна (5.11.1904, в. Асецішчы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.5.1983),

французская мастачка. Вучылася ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (1921—24). З 1924 у Парыжы вучылася ў акадэміі жывапісу Ф.Лежэ (1924—29), пазней стала яго жонкай. Працавала ў манум. і станковым жывапісе. Аўтар мазаічных партрэтаў Ю.​Гагарына, Ж.​Дзюкло, М.​Кашэна, Н.​Крупскай, У.​Маякоўскага, М.​Тарэза, герояў 2-й сусв. вайны, дзеячаў культуры, кампазіцый для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Сярод жывапісных работ: «Нацюрморт з вазай» (1925), «Аўтапартрэт» (1941), «Пачатак руху (Узлёт-1)» (1922—68). Стварыла музей Лежэ ў Б’ёце (Прыморскія Альпы, 1960) і на радзіме мастака ў Лізоры (Нармандыя, 1970).

Літ.:

Дубенская Л.А. Рассказывает Надя Леже. Мн., 1983.

Н.​М.​Бараноўская.

Н.Хадасевіч-Лежэ. Аўтапартрэт.

т. 16, с. 517