Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЗА́НАЎ Майсей Анісімавіч (22.2.1887, Вільня — 21.12.1964),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1933). Скончыў Бернскі ун-т (1913). З 1924 у клініцы нерв. хвароб Мінскага мед. ін-та. З 1934 у Віцебскім мед. ін-це (дырэктар, адначасова заг. кафедры). З 1944 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні поліяміэліту, эпідэміялогіі і клініцы энцэфалітаў, нейратаксікозаў і інш.

Літ.:

М.​А.​Хазанов // Здравоохранение Белоруссии. 1965. № 3.

т. 16, с. 521

ХАЗА́РСКІ КАГАНА́Т,

дзяржаўнае ўтварэнне, створанае хазарамі ў 7 ст. Напачатку сталіцай каганата быў г. Семендэр у Дагестане, пасля яго разгрому арабамі ў 735 — г. Ітыль на ніжняй Волзе. У час свайго росквіту ў 8—9 ст. уключаў Паўн. Каўказ, Прыазоўе, б.ч. Крыма, стэпавыя і паўстэпавыя тэр. да р. Дняпро; многія ўсх.-славянскія плямёны, у т. л. радзімічы, севяране, вяцічы, былі вымушаны плаціць Х.к. даніну. З 1-й пал. 8 ст. ў Х.к. пачалося пашырэнне іудаізму, які ў канцы 8 — пач. 9 ст. абвешчаны дзярж. рэлігіяй. У канцы 9 ст. Паўн. Прычарнамор’е захапілі печанегі, у выніку чаго пачаўся заняпад каганата. У 960-я г. кіеўскі князь Святаслаў Ігаравіч зрабіў паход на Волгу і зруйнаваў найважн. цэнтры Х.к. Да канца 10 ст. каганат спыніў існаванне.

Літ.:

Артамонов И.И. История хазар. 2 изд. СПб., 2001;

Гумилев Л.Н. Открытие Хазарии. М., 2001.

т. 16, с. 521

ХАЗА́РЫ,

качавы цюркамоўны народ, які з’явіўся ва Усх. Еўропе ў 4 ст. У сярэдзіне 7 ст. Х. стварылі Хазарскі каганат. Пасля яго падзення ў канцы 10 ст. паступова растварыліся сярод інш. цюркскіх народаў.

Літ.:

Плетнева С.А. Хазары. 2 изд. М., 1986.

т. 16, с. 521

ХАЗРЫ́ Набі, гл. Набі Хазры.

т. 16, с. 521