Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАМА́ДА, гамада,

камяністыя пустыні; у вузкім сэнсе — камяністыя пустыні Сахары. Х. Сахары размешчаны на плато, якія ўтвораны са шчыльных карэнных парод (вапнякоў, пясчанікаў і інш.) і ўкрыты дробным друзам, часам замацаваным у подсцільных пародах.

т. 16, с. 534

ХАМАДА́Н (стараж. Экбатана),

горад на З Ірана. Адм. ц. астана Хамадан. Вядомы з 11 ст. да н.э. 349,6 тыс. ж. (1991). Вузел аўтадарог. Гал. гандл. цэнтр зах. ч. краіны. Прам-сць: харч., гарбарная, дрэваапрацоўчая. Саматужная вытв-сць тканін, дываноў, медных і скураных вырабаў. Ун-т. У 7—6 ст. да н.э. Х. — сталіца Мідыі, у 12 ст. — т.зв. Іракскага сельджукскага султаната. Маўзалеі Гамбедэ-Алавіян (12 ст.) і Ібн-Сіны.

т. 16, с. 534

ХАМА́ДА-ЭЛЬ-ХА́МРА,

пустыннае плато на ПнЗ Лівіі, у Трыпалітаніі. Даўж. з З на У каля 700 км, з Пн на Пд каля 200 км. Складзена з вапнякоў. Выш. 450—500 м. Стромка абрываецца на Пн (уступ Джэбель-Нефуса) і на Пд.

т. 16, с. 534

ХАМАМА́ЦУ,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. 559 тыс. ж. (1992). Рыбалоўны порт. Прам-сць: машынабудаванне (матацыклы і інш.), хім., тэкст., дрэваапр., выраб муз. інструментаў. Будысцкі храм. Турызм.

т. 16, с. 534

ХАМА́РБІЯ (Hammarbya),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 1 від Х. балотная (H. paludosa). Пашырана на ўмерана халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца на тарфяных балотах, у забалочаных лясах і поймах рэк.

Шматгадовая травяністая расліна з тонкім карэнішчам, на якім штогод утвараецца клубень. Сцябло выш. 6—20 см, каля асновы яйцападобна патоўшчанае, з 2 (3—4) падоўжанымі, таўставатымі лісцікамі ў ніжняй частцы. Кветкі дробныя. жаўтавата-зялёныя, у гронках. Плод — каробачка.

Дз.​І.​Траццякоў.

Хамарбія балотная.

т. 16, с. 534

ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),

дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл. Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.​Я.​Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.

т. 16, с. 534

ХАМЕЙНІ́ Рухалах Мусаві (17.5.1900?, г. Хамейн. Іран — 3.6.1989),

іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, вял. аятала. Атрымаў рэліг. адукацыю. З 1922 у г. Кум. За крытыку рэформ шаха Мухамеда Рэза Пехлеві высланы ў Ірак (1964), пазней пераехаў у Францыю. За час выгнання стаў лідэрам іранскай апазіцыі. У студз. 1979 вярнуўся на радзіму, узначаліў Іранскую рэвалюцыю 1978—79. З 1.2.1979 лідэр Савета ісламскай рэвалюцыі, да якога 11—13.2.1979 перайшла ўся ўлада ў краіне. Паводле распрацаванай ім канцэпцыі тэакратычнай дзяржавы і створанай на яе аснове канстытуцыі Ісламскай Рэспублікі Іран 1979 Х. быў пажыццёвым духоўным лідэрам (рахбарам) і фактычным правіцелем Ірана. Праводзіў курс на ісламізацыю ўсіх бакоў жыцця Ірана, канфрантацыю з ЗША, на пераможнае завяршэнне ірана-іракскай вайны 1980—88 (у ліп. 1988 пагадзіўся на мірнае ўрэгуляванне канфлікту).

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Б.м., б.г.

Літ.:

Агаев С.А. Рухолла Мусави Хомейни // Вопр. истории. 1989. № 6.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 535

ХАМЕЛЕО́Н (лац. Chamaeleon),

каляпалярнае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 16, с. 535

ХАМЕЛЕО́НЫ (Chamaeleontidae),

сямейства (па інш. класіфікацыі падатр.) яшчарак атр. лускаватых. 4 роды, каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Афрыцы і на в-ве Мадагаскар; трапляюцца ў Зах. і Паўд. Азіі, 1 від — у Паўд. Еўропе. Жывуць на дрэвах і кустах, маларухомыя.

Даўж. цела да 60 см. Тулава сціснутае з бакоў, укрытае рагавымі зярняткамі і бугаркамі. На галаве ў многіх відаў рагавыя і скурныя нарасці (бугаркі, грабяні, завостраныя рогі). Ногі доўгія, пяціпальцыя. Хвост доўгі, учэпісты. Вочы вял., з тоўстымі, зрослымі павекамі маленькай цэнтр. адтулінай для зрэнкі; рухі вачэй незалежныя. Афарбоўка цела здольна хутка мяняцца ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя, голаду, смагі, спалоху і інш. Кормяцца пераважна насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Большасць яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя.

Л.​В.​Кірыленка.

Хамелеон паўднёваафрыканскі.

т. 16, с. 535

ХАМЕНЕ́І Сеед Алі Хусейні (н. 15.7.1939, г. Мешхед, Іран),

іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, аятала. Атрымаў духоўную адукацыю ў гарадах Мешхед, Кум (Іран) і Неджэф (Ірак). За ўдзел у антышахскім руху ў 1960—70-я г. 6 разоў быў арыштаваны. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1978—79, паплечнік Р.М.Хамейні. У 1979—80 чл. Ісламскага рэв. савета, нам. міністра абароны, камандуючы «Корпусам абаронцаў ісламскай рэвалюцыі». У 1981—89 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран, з 1989 яе духоўны лідэр (рахбар) і фактычны правіцель.

Літ.:

Зайнабитдинов Е. Духовный лидер ИРИ аятолла Хаменеи // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 535