ХАМЕЛЕО́НЫ (Chamaeleontidae),

сямейства (па інш. класіфікацыі падатр.) яшчарак атр. лускаватых. 4 роды, каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Афрыцы і на в-ве Мадагаскар; трапляюцца ў Зах. і Паўд. Азіі, 1 від — у Паўд. Еўропе. Жывуць на дрэвах і кустах, маларухомыя.

Даўж. цела да 60 см. Тулава сціснутае з бакоў, укрытае рагавымі зярняткамі і бугаркамі. На галаве ў многіх відаў рагавыя і скурныя нарасці (бугаркі, грабяні, завостраныя рогі). Ногі доўгія, пяціпальцыя. Хвост доўгі, учэпісты. Вочы вял., з тоўстымі, зрослымі павекамі маленькай цэнтр. адтулінай для зрэнкі; рухі вачэй незалежныя. Афарбоўка цела здольна хутка мяняцца ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя, голаду, смагі, спалоху і інш. Кормяцца пераважна насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Большасць яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя.

Л.​В.​Кірыленка.

Хамелеон паўднёваафрыканскі.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)