Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́РА (Jara) Віктар (1938, Чылі — 18.9.1973),

чылійскі спявак, кампазітар, паэт, рэжысёр, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Працаваў у Тэатр. ін-це (рэжысёр, педагог), тэатр. школе Чылійскага ун-та. У 1966—69 кіраўнік фалькл. вакальна-інстр. ансамбля «Кілапаюн». Даследаваў чылійскі муз. фальклор. Актыўны дзеяч грамадска-паліт. руху музыкантаў Лац. Амерыкі «Новая песня», прапагандыст лац.-амер. паліт. песні. Аўтар песень (тэкстаў і музыкі; больш за 50), музыкі да тэлефільмаў і драм. спектакляў. Забіты ваен. хунтай.

Літ.:

Хара Д. Виктор — прерванная песня: Пер. с англ. М., 1986.

т. 16, с. 541

ХАРАБРО́ЎКА,

назва р. Вята ў верхнім цячэнні.

т. 16, с. 541

ХАРАВА́,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Пружаны, 97 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 540 ж., 225 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці першага старшыні калгаса В.​Е.​Крыштафовіча.

Вядома з пач. 16 ст. У 1547 вёска і маёнтак Х. належалі віленскаму намесніку С.​Гамшэю, з 1566 у складзе Берасцейскага пав. ВКЛ. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Слонімскай. з 1796 у Літоўскай, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1867—360 ж., нар. вучылішча, царква; у 1897—497 ж., 108 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, вёска ў Носкаўскай гміне Пружанскага пав. Палескага ваяв., 477 ж. З вер. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 у Пружанскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.

Я.​П.​Насытка.

т. 16, с. 541

ХАРА́ВА Акакій Аляксеевіч (29.4.1895, с. Ачхамуры, Грузія — 23.6.1972),

грузінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся ў тэатр. студыі А.​Пагавы (з 1922). З 1923 у Т-ры імя Руставелі ў Тбілісі (у 1949—55 дырэктар). Адзін з заснавальнікаў і першы рэктар (з 1939; з 1947 праф.) Тэатр. ін-та імя Руставелі. Акцёр героіка-рамант. плана. Найб. значныя ролі: Анзор, Арсен (аднайм. п’есы С.​Шаншыяшвілі), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Бярсенеў («Разлом» Б.​Лаўранёва). Вяршыня творчасці — роля Атэла (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.​Карнейчука), Эдып («Цар Эдып» Сафокла). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1951.

Літ.:

Альтман И. А.​А.​Хорава. М.: Л., 1947.

т. 16, с. 541

ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА БЕЛАРУ́СКАЙ ФІЛАРМО́НІІ.

Існавала ў 1937—41 у Мінску. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Бары. У яе складзе каля 50 спевакоў. У рэпертуары бел. нар. песні ў апрацоўках А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, творы бел. (кантата «Паэма-казка пра Мядзведзіху» А.​Багатырова на словы А.​Пушкіна) і інш. кампазітараў, рус. хар. класіка. Капэла ўдзельнічала ў Дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (1940).

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 16, с. 541

ХАРАВА́Я МУ́ЗЫКА,

музыка, прызначаная для выканання хорам. Існуе нар. і прафес., свецкая і культавая.

Вядома са стараж. часоў (важны элемент прац. працэсу, нар. гульняў, танцаў, абрадаў). Прафес. музыка з’явілася на позняй ступені грамадскага развіцця; яе станаўленне адбывалася ў межах свецкай і духоўнай музыкі. Цэнтрамі прафес. хар. мастацтва былі саборы, манастыры, кляштары, універсітэты і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння; развілося шматгалоссе, узніклі новыя жанры свецкай (балада, мадрыгал, шансон і інш.) і духоўнай (матэт, меса, магніфікат) музыкі. Вядучая роля ў гэты перыяд належала кампазітарам франка-флам. (нідэрл.) школы (Г.​Дзюфаі, Жаскен Дэпрэ, І.​Окегем, Я.​Обрэхт, А.​Ласа і інш.). У 17—18 ст. ўзнікла оперная Х.м. (К.​Мантэвердзі, Жаскен Люлі. Г.​Пёрсел, Р.​Кайзер), сфарміраваліся жанры кантаты і араторыі (Г.​Шутц, І.​С.​Бах, Г.​Гендэль, К.​Глюк, І.​Гайдн. В.​А.​Моцарт). У 19 ст., у эпоху рамантызму, хор уводзіўся ў сімф. музыку (Г.​Берліёз, Г.​Малер); узніклі хар. мініяцюры і цыклы (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. І.​Брамс). У 20 ст. найб. значныя хар. творы стварылі І.​Стравінскі. А.​Анегер, П.​Хіндэміт, К.​Орф, К.​Пендарэцкі і інш. кампазітары. У рус. муз. культуры Х.м. звязана з традыцыямі правасл. спеваў a cappella (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі). У жанры Х.м. a cappella (хар. мініяцюры, цыклы, духоўныя песнапенні і інш.) і вак.-інстр. (кантаты, араторыі і інш.) працавалі М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Мусаргскі. С.​Рахманінаў, А.​Рубінштэйн, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Сяроў, С.​Танееў, П.​Чайкоўскі. Узбагацілі Х.м. новымі формамі і сучаснай муз. мовай С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч. Р.​Шчадрын, С.​Сланімскі, В.​Салманаў, А.​Шнітке і інш.

Вытокі Х.м. Беларусі ўзыходзяць да перыяду дакіеўскай і Кіеўскай Русі, калі хар. спевы дамінавалі ў муз. фальклоры. Яна развівалася ў пастаяннай узаемасувязі лепшых традыцый слав. і зах.-еўрап. культур. Х.м. Беларусі мае характэрныя самабытныя нац. рысы. Багаты рэпертуар Х.м. ва ўсіх жанрах стварылі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, А.​Бандарэнка, Г.​Вагнер, Л.​Захлеўны, А.​Мдывані, Ю.​Семяняка, Э.​Тырманд і інш. На развіццё значна паўплывалі хар. дырыжоры Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, А.​Кагадзееў, В.​Роўда, М.​Дрынеўскі. Сярод вядучых хар. калектываў: акад. хор Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, хор Нац. т-ра оперы і інш.

Літ.:

Искусство хорового пения. М., 1963;

Асафьев Б. О хоровом искусстве. Л., 1980;

Хоровая полифония. Мн., 1981.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 541

ХА́РАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, харафіты,

лучыцы (Charophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 1 клас, 1 парадак, 2 сям. (нітэлавыя і харавыя), 6 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паходзяць, магчыма, ад зялёных водарасцей. Вядомы з сілуру. Утвараюць вял. зараснікі на заіленых і пясчаных грунтах у прэсных вадаёмах і апрэсненых участках мораў. На Беларусі 15 відаў з родаў нітэла, нітэлопсіс і хара.

Шматклетачныя кусцістыя водарасці знешне падобныя да некат. вышэйшых раслін (рагаліснік, хвошч). Слаявіна выш. 20—30 см, часам да 1—2 м, прымацаваная да субстрату рызоідамі. Бакавыя галіны размешчаны кальчакамі на шматклетачных вузлах. Міжвузеллі з адной доўгай клеткі, якая можа абрастаць карой з вузкіх клетак. Абалонкі клетак часам абвапнаваныя. Хларапласты зялёныя, маюць хларафілы a і b, караціноіды, запасное рэчыва — крухмал. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое (аагамія). Выкарыстоўваюцца як угнаенне. Гіганцкія клеткі міжвузелляў — аб’ект цыталагічных і фізіял. даследаванняў (напр., біяпатэнцыялаў раслін).

Літ.:

Голлербах М.М., Красавина Л.К. Харовые водоросли. Charophyta. Л., 1983. (Определитель пресноводных водорослей СССР;

Вып. 14).

Т.​М.​Міхеева.

Да арт. Харавыя водарасці. Хара: 1 — звычайная; 2 — ломкая; 3 — шурпатая; 4 — лямцавая.

т. 16, с. 542

ХАРАКІ́РЫ (ад яп. хара — жывот + кіры — рэзаць),

у Японіі самазабойства ўспорваннем жывата; таксама наз. капуку, тафуку, сэпуку. Было пашырана ў абарыгенаў яп. астравоў як ахвярапрынашэнне; пасля каланізацыі перанята японцамі. Вядома з сярэдневякоўя, у 1500 афіцыйна замацавана як прывілея саслоўя воінаў — самураяў. Х. рабілася паводле прыгавору ці добраахвотна: пры нежаданні здавацца ў палон ці не трапіць пад суд, каб загладзіць сваю віну перад гаспадаром, у выніку смерці гаспадара і інш. Х. ратавала самураю яго гонар. Жанчынам Х. не дазвалялася, яны маглі пераразаць горла (дзігай). Х. афіцыйна адменена яп. заканадаўствам у 1868, але яшчэ доўга захоўвалася сярод ваенных.

Літ.:

Книга самурая: Пер. с яп. СПб., 1998;

Сато Х. Самураи: история и легенды...: Пер. с яп. СПб., 1999;

Гвоздев С.А. Самураи: Путь меча. Мн., 2001.

А.​У.​Дзянісаў.

т. 16, с. 542

ХА́РАКС,

рымскі ўмацаваны ваен. лагер на мысе Ай-Тадор у Крыме (Украіна, 8 км на Пд ад г. Ялта). Засн. ў 70-я г. н.э. на месцы паселішча таўраў для абароны ант. дзяржаў Паўн. Прычарнамор’я ад скіфаў і інш. плямён. У сярэдзіне 3 ст. рым. войскі пакінулі Х. і крэпасць стала сховішчам для мясц. насельніцтва. Археал. раскопкамі (з сярэдзіны 19 ст.) выяўлены фундаменты будынкаў, водны басейн, упрыгожаны мазаікай, водаправод з гліняных труб, свяцілішча 2 ст., некропаль 4 ст. і інш.

т. 16, с. 542

ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл. Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;

Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;

Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;

Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;

Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;

Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 542