ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл. Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;

Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;

Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;

Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;

Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;

Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;

Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)