ХА́АВА (Haava) Ганна (сапр. Хааваківі Ганна Разаліе; 15.10.1864, Йыгеваскі павет, Эстонія — 13.3.1957),
эстонская пісьменніца. Нар. пісьменнік Эстоніі (1954). Скончыла Тартускую вышэйшую жан. школу (1884). Працавала ў г. Лейпцыг (Германія) і Пецярбург. Друкавалася з 1886. У зб. «Вершы» (т. 1—3, 1888—97) і кн. «Перакрыжаваныя хвалі» (1910) рамант. любоўная лірыка. Зб-кі «Хвалі» (1906), «Дзеці Поўначы» (1913), «Пра нашы дні» (1920) Прасякнуты грамадз., сац.-крытычнымі матывамі. У зб-ках «А ўсё-такі жыццё добрае» (1930), «Я эстонскую песню спяваю» (1935) матывы адзіноты, незадаволенасці жыццём. Яе паэзія адметная эмацыянальнасцю, нар. прастатой; многія вершы пакладзены на музыку. У кн. прозы «Карцінкі з жыцця Эстоніі» (1911, 2-е выд. 1972) аўтабіягр. эскізы, сял. апавяданні.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихотворения] // Антология эстонской поэзии. М.; Л., 1959. Т. 2.
т. 16, с. 513
ХА́АНПЯ (Haanpää) Пенці (14.10.1905, Піпала. Фінляндыя — 30.9.1955),
фінскі пісьменнік. У 1920-я г. далучыўся да літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»). Аўтар зб-каў навел «Уздоўж гасцінца» (1925), «Вецер вее над намі» (1927), «Сучаснасць» (1942), «Хета Рахка, пажылы чалавек» (1947), «Фізікі-атамшчыкі» (1950) і інш., у цэнтры якіх лёсы простых людзей, што воляй абставін апынуліся ў нялёгкіх жыццёвых сітуацыях. Антымілітарысцкая скіраванасць у зб. апавяд. «Пляц і казарма» (1928), раманах «Боты дзевяці салдат» (1945), «Выпадак з фельдфебелем Сата» (апубл. 1956). У раманах «Зачараванае кола» (1931), «Сяляне і іх цені» (1935), «Мука́» (1949) у рэаліст. манеры з выкарыстаннем асаблівай эпізадычна-навелістычнай пабудовы апавядае пра цяжкасці штодзённага жыцця простых людзей, найперш сялянства. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Я.Лапатка.
Тв.:
Бел. пер. — Боты дзевяці салдат: Раманы. Мн., 1994;
Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956;
Избранное. М., 1981.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 16, с. 513
ХА́АПСАЛУ,
кліматагразевы курорт у Эстоніі, на беразе Хаапсалускага заліва Балтыйскага мора. Засн. ў 1825. Клімат умераны, вільготны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асн. прыродныя лек. фактары: марская сульфідная глеевая гразь, мяккі клімат; таксама марскія, вуглякіслыя і інш. ванны і душы. Лечаць хваробы органаў апоры і руху, стрававання, нерв. сістэмы. Санаторый, курортная паліклініка, водагразелячэбніца.
т. 16, с. 513