ХА́АНПЯ (Haanpää) Пенці (14.10.1905, Піпала. Фінляндыя — 30.9.1955),
фінскі пісьменнік. У 1920-я г. далучыўся да літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»). Аўтар зб-каў навел «Уздоўж гасцінца» (1925), «Вецер вее над намі» (1927), «Сучаснасць» (1942), «Хета Рахка, пажылы чалавек» (1947), «Фізікі-атамшчыкі» (1950) і інш., у цэнтры якіх лёсы простых людзей, што воляй абставін апынуліся ў нялёгкіх жыццёвых сітуацыях. Антымілітарысцкая скіраванасць у зб. апавяд. «Пляц і казарма» (1928), раманах «Боты дзевяці салдат» (1945), «Выпадак з фельдфебелем Сата» (апубл. 1956). У раманах «Зачараванае кола» (1931), «Сяляне і іх цені» (1935), «Мука́» (1949) у рэаліст. манеры з выкарыстаннем асаблівай эпізадычна-навелістычнай пабудовы апавядае пра цяжкасці штодзённага жыцця простых людзей, найперш сялянства. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Я.Лапатка.
Тв.:
Бел. пер. — Боты дзевяці салдат: Раманы. Мн., 1994;
Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956;
Избранное. М., 1981.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 16, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)