Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́ФЕЛЬ (Havel),

рака ў Германіі, правы прыток р. Эльба. Даўж. 341 км, пл. бас. 24,4 тыс. км². Пачынаецца на Мекленбургскім паазер’і, цячэ па Паўн.-Германскай нізіне цераз шэраг рэк і вадасховішчаў. Асн. прыток — р. Шпрэе (злева). Сярэдні расход вады каля 80 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Одэр і Эльба. Суднаходная пры дапамозе каналаў і шлюзаў. На Х. — гарады Берлін, Патсдам, Брандэнбург.

т. 16, с. 563

ХАФІ́З, Гафіз,

Хафез (сапр. Шамседдзін Махамед; каля 1325, г. Шыраз, Іран — 1389 ці 1390),

персідскі і таджыкскі паэт. Атрымаў багаслоўскую адукацыю і праславіўся як «хафіз» (чалавек, які ведае на памяць Каран). Вершы пачаў пісаць рана. Асн. жанр — газелі (больш за 400), у якім дасягнуў дасканаласці. Яго лірыка простая, перадае розныя адценні чалавечых пачуццяў, вызначаецца гармоніяй зместу і формы, зліццём думкі, жывапісу і музыкі. Апяваў каханне, віно, зямное шчасце. Выказваў незадаволенасць рэчаіснасцю, асуджаў духавенства. Зведаў уплыў суфізму і містыцызму.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Уфа, 1973;

Сто семнадцать газелей. М., 1981;

Газели. 2 изд. М., 1984.

т. 16, с. 563

ХАФУ́Н, Рас-Хафун,

мыс на п-ве Самалі (дзяржава Самалі), самы ўсходні пункт Афрыкі (51° 23′ усх. д. і 10° 26′ паўн. ш.).

т. 16, с. 563